Грамадзянін Каспер І.А. абскарджвае канстытуцыйнасць прымененай пры прыцягненні яго да адміністрацыйнай адказнасці часткі 4 артыкула 18.15 КаАП, якой прадугледжана адміністрацыйная адказнасць за ўжыванне кіроўцам алкагольных, слабаалкагольных напояў або піва, наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў пасля падачы супрацоўнікам органаў унутраных спраў сігналу аб спыненні транспартнага сродку альбо пасля здзяйснення дарожна-транспартнага здарэння, удзельнікам якога ён з’яўляецца, да праходжання праверкі (агляду) на прадмет вызначэння стану алкагольнага ап’янення або стану, выкліканага спажываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў.
Грамадзянін лічыць, што частка 4 артыкула 18.15 КаАП не адпавядае Канстытуцыі, паколькі змяшчае прабел і прававую нявызначанасць, якія выяўляюцца ў тым, што ў названай норме не ўстаноўлены тэрмін, на працягу якога кіроўцу забаронена ўжыванне алкагольных напояў пасля здзяйснення ДТЗ. Такое прававое рэгуляванне, на думку заяўніка, парушае яго права свабодна перамяшчацца і права на судовую абарону, прадугледжаныя артыкуламі 30 і 60 Канстытуцыі.
Канстытуцыйны Суд у прынятым вызначэнні ўказаў, што ў мэтах папярэджання адміністрацыйных правапарушэнняў артыкулам 18.15 КаАП устанаўліваюцца пэўныя юрыдычныя забароны на ўчыненне супрацьпраўных дзеянняў, накіраваных супраць бяспекі руху і эксплуатацыі транспарту, уключаючы забарону на ўжыванне кіроўцам алкагольных, слабаалкагольных напояў або піва пасля здзяйснення кіроўцам ДТЗ, удзельнікам якога ён з’яўляецца, да праходжання праверкі (агляду) на прадмет вызначэння стану алкагольнага ап’янення, і прадугледжваецца адміністрацыйная адказнасць за іх парушэнне. Такое прававое рэгуляванне вызначаецца характарам адносін, якія складваюцца паміж кіроўцам, які кіруе транспартным сродкам як крыніцай павышанай небяспекі, і іншымі ўдзельнікамі дарожнага руху, і ўзгадняецца з канстытуцыйна-прававым абавязкам кожнага паважаць годнасць, правы, свабоды, законныя інтарэсы іншых асоб і абавязкам заканадаўцы забяспечыць для гэтага адпаведныя прававыя механізмы.
Канстытуцыйны Суд пацвердзіў раней выказаную ў вызначэнні ад 17 снежня 2024 г. № О-2/2024 прававую пазіцыю, адзначыўшы, што названыя юрыдычныя забароны з’яўляюцца правамернымі, паколькі яны абумоўлены патрабаваннямі забяспечыць бяспеку дарожнага руху пры дапамозе выключэння з яго транспартных сродкаў, якія кіруюцца асобамі ў стане, які пагаршае іх рэакцыю і ўвагу, што стварае павышаную небяспеку для ўдзельнікаў дарожнага руху, а таксама выкліканы неабходнасцю аб’ектыўнага і ўсебаковага ўстанаўлення ўсіх акалічнасцей здарэння.
Норма часткі 4 артыкула 18.15 КаАП адпавядае вышэйназваным патрабаванням і з’яўляецца юрыдычнай гарантыяй выканання кіроўцамі сваіх абавязкаў, якая спрыяе дакладнаму ўсталяванню ўсіх акалічнасцей ДТЗ, неабходных для правільнага вырашэння пытання аб справядлівай адказнасці асобы, вінаватай у здзяйсненні ДТЗ; забяспечвае абарону дзяржавай правоў грамадзян, якія пацярпелі ў ДТЗ.
Такім чынам, у сістэме дзеючага прававога рэгулявання частка 4 артыкула 18.15 КаАП, накіраваная на забеспячэнне бяспекі дарожнага руху, абарону правоў грамадзян, не можа разглядацца як парушаючая канстытуцыйныя правы заяўніка ў паказаным ім аспекце.
Абмеркаванне фактычных акалічнасцей канкрэтнай справы і ацэнка судовай пастановы па сутнасці справы пры праверцы закона, прымененага ў канкрэтнай справе, па канстытуцыйнай скарзе ў кампетэнцыю Канстытуцыйнага Суда не ўваходзяць (пункт 2 артыкула 161 Закона «Аб канстытуцыйным судаводстве»).
Канстытуцыйны Суд па выніках вывучэння прадстаўленых матэрыялаў адмовіў ва ўзбуджэнні вядзення па справе па канстытуцыйнай скарзе, паколькі прыкмет парушэння канстытуцыйных правоў заяўніка няма, канстытуцыйная скарга не адпавядае ўмове дапушчальнасці, вызначанай падпунктам 1.1 пункта 1 артыкула 153 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб канстытуцыйным судаводстве».