EngРусБел
Агульныя палажэнні
 

Фундаментам пабудовы дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы ў Беларусі з’яўляецца Канстытуцыя. Абапіраючыся на прынцыпы народнага суверэнітэту, падзелу ўлад, вяршэнства права, Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь абвяшчае шырокі пералік acaбістых, палітычных, сацыяльна-эканамічных і культурных правоў грамадзян, замацоўвае механізмы іх прававой абароны. Адным з такіх механізмаў з’яўляецца канстытуцыйнае правасуддзе, якое ў Рэспубліцы Беларусь забяспечваецца дзейнасцю Канстытуцыйнага Суда.

Інстытут канстытуцыйнага правасуддзя (канстытуцыйнага кантролю) шырока вядомы ў сусветнай практыцы дзяржаўнага будаўніцтва. На сённяшні дзень ён існуе ў абсалютнай большасці дэмакратычных дзяржаў. Канстытуцыйны кантроль неабходна разглядаць як адну з самых дзейсных праяў сістэмы стрымак і проціваг у механізме забеспячэння прынцыпу падзелу ўлад.

Створаны ў 1994 годзе Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь з’яўляецца спецыяльным органам канстытуцыйнага кантролю і ўваходзіць у судовую сістэму Рэспублікі Беларусь. Задачамі Канстытуцыйнага Суда з’яўляюцца забеспячэнне вяршэнства Канстытуцыі і яе непасрэднага дзеяння на тэрыторыі дзяржавы, адпаведнасці нарматыўных прававых актаў дзяржаўных органаў Канстытуцыі, зацвярджэнне законнасці ў нарматворчасці і правапрымяненні.

З моманту заснавання Канстытуцыйным Судом прынята больш за 600 рашэнняў, якія датычацца розных аспектаў функцыянавання прававой сістэмы Рэспублікі Беларусь. Рашэнні Канстытуцыйнага Суда можна разглядаць у якасці адной з крыніц права Беларусі. Прававыя пазіцыі Канстытуцыйнага Суда, якія фармулююцца ў яго рашэннях, з’яўляюцца асновай для ўдасканалення заканадаўства і практыкі яго прымянення, змяшчаюць дактрынальныя палажэнні канцэптуальнага характару. У выніку дзейнасці Канстытуцыйнага Суда сфера канстытуцыйных правоў і свабод атрымала дадатковы імпульс для далейшага развіцця.

Канстытуцыйны кантроль у Рэспубліцы Беларусь развіваецца, грунтуючыся не толькі на вопыце палітыка-прававога развіцця Беларусі, але і актыўна ўспрымаючы еўрапейскую гуманітарную традыцыю. Інтэнсіфікацыя канстытуцыйнага кантролю ў Беларусі ідзе па шляху спалучэння форм папярэдняга і наступнага канстытуцыйнага кантролю.

Час работы Канстытуцыйнага Суда: панядзелак - пятнiца (9.00 - 18.00)