EngРусБел
Пасланнi Канстытуцыйнага Суда
 

Прэзідэнту  
Рэспублiкi Беларусь  

Палаце прадстаўнікоў  
Нацыянальнага сходу  
Рэспублікі Беларусь

  Савету Рэспублікі
Нацыянальнага сходу 
Рэспублiкi Беларусь

 

ПАСЛАННЕ
КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ

  АБ СТАНЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАЙ ЗАКОННАСЦІ
Ў РЭСПУБЛIЦЫ БЕЛАРУСЬ У 2017 ГОДЗЕ

Увасабленне ў жыццё вяршэнства і прамога дзеяння Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, зацвярджэнне канстытуцыйнай законнасці абумоўліваюць станаўленне ў Рэспубліцы Беларусь канстытуцыяналізму як асобага стану грамадства і дзяржавы, усёй сукупнасці грамадскіх адносін, якія развіваюцца канстытуцыйным шляхам.

Канстытуцыяналізацыя грамадскіх адносін ажыццяўляецца праз зацвярджэнне вяршэнства права і развіццё канстытуцыйных каштоўнасцей у нарматворчасці і правапрымяненні, устанаўленне канстытуцыйнага парадку, пры якім дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы, а таксама грамадзяне дзейнічаюць на аснове і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй.

Пры гэтым развіццё грамадства і дзяржавы накіравана не проста на дасягненне абстрактных канстытуцыйных мэт, а на забеспячэнне матэрыяльных і духоўных патрэбнасцей чалавека, фарміраванне асобы грамадзяніна як галоўнага суб’екта канстытуцыйных правоў і абавязкаў.

Развіццё дэмакратычнай прававой дзяржавы і сацыяльна паспяховага грамадства на прынцыпах роўнасці і справядлівасці, рэальнае гарантаванне правоў і свабод чалавека, гарманічнае развіццё асобы выступаюць у якасці асноўных мэт канстытуцыяналізацыі грамадскіх адносін і па сутнасці вызначаюць напрамкі развіцця сучаснага канстытуцыяналізму ў Рэспубліцы Беларусь.

Канстытуцыйны Суд пры разглядзе спраў і матэрыялаў, фармуляванні прававых пазіцый нацэльвае нарматворчыя і правапрымяняльныя органы на практычную рэалізацыю і абарону гарантаваных Канстытуцыяй правоў і свабод чалавека і грамадзяніна і іншых канстытуцыйных каштоўнасцей, забеспячэнне вяршэнства Канстытуцыі і яе непасрэднага дзеяння.

Важнейшым фактарам, які вызначае станаўленне ў Беларусі сучаснага канстытуцыяналізму, з’яўляецца стабілізуючая і кансалідуючая роля Канстытуцыі ў развіцці грамадства і дзяржавы.

Канстытуцыйнае правасуддзе, будучы адным з ключавых інстытутаў гарантавання, абароны і развіцця прынцыпаў канстытуцыяналізму, забяспечвае прававую ахову Канстытуцыі, абараняе канстытуцыйныя правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, сцвярджае канстытуцыйную законнасць у нарматворчасці і правапрымяненні.

Рэалізуючы на падставе норм Канстытуцыі, Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў і Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве» паўнамоцтвы па ажыццяўленні абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці законаў, прынятых Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд правярае адпаведнасць заканадаўчых норм палажэнням Канстытуцыі, выяўляе канстытуцыйна-прававы сэнс прававых норм, раскрывае змест канстытуцыйных прынцыпаў, фармулюе прававыя пазіцыі, накіраваныя на ўстанаўленне канстытуцыйна-прававога рэжыму заканатворчасці і правапрымянення.

У 2017 годзе Канстытуцыйны Суд у парадку абавязковага папярэдняга кантролю праверыў канстытуцыйнасць 31 закона, зыходзячы пры гэтым з неабходнасці забеспячэння вяршэнства Канстытуцыі, рэалізацыі ў заканатворчай дзейнасці канстытуцыйных прынцыпаў і норм, развіцця ў законах канстытуцыйных каштоўнасцей, гарантавання і абароны правоў і свабод чалавека.

1. Зыходзячы з канстытуцыйных палажэнняў аб чалавеку, яго правах, свабодах і гарантыях іх рэалізацыі як найвышэйшай каштоўнасці і мэты грамадства і дзяржавы, крытэрыем ацэнкі канстытуцыйнасці законаў з’яўляецца забеспячэнне прававога рэгулявання, неабходнага для ажыццяўлення канстытуцыйных правоў і свабод.

У прынятых рашэннях Канстытуцыйны Суд фармуляваў прававыя пазіцыі, у якіх раскрываў канстытуцыйна-прававы змест прававых норм, ацэньваў дастатковасць прававых механізмаў для рэалізацыі канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян, развіццё ў законах канстытуцыйных прынцыпаў і норм.

1.1. Пры праверцы канстытуцыйнасці Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам государственных пособий семьям, воспитывающим детей» Канстытуцыйным Судом адзначана, што замацаваныя ў Канстытуцыі палажэнні аб чалавеку як найвышэйшай каштоўнасці, праве кожнага на годны ўзровень жыцця, асаблівай абароне сям’і, мацярынства, бацькоўства і дзяцінства, абавязку дзяржавы прымаць усе даступныя ёй меры дзеля поўнага ажыццяўлення правоў грамадзян (артыкулы 2, 21, 32 і 59) прадугледжваюць у тым ліку абавязак дзяржавы па падтрымцы сямей, якія выхоўваюць дзяцей, у прыватнасці шляхам замацавання абгрунтаванага пераліку атрымальнікаў дзяржаўных дапамог, парадку і ўмоў іх назначэння і выплаты, павышэння памеру гэтых дапамог.

Разам з тым з прыведзеных і іншых норм Канстытуцыі не вынікае, што матэрыяльны дабрабыт кожнай сям’і ў цэлым і кожнага дзіцяці ў асобнасці павінен забяспечвацца толькі і адзіна з дапамогай мер сацыяльнай падтрымкі і абароны дзяржавы. Такое разуменне ролі дзяржавы не адпавядала б патрабаванню часткі трэцяй артыкула 32 Канстытуцыі, што абавязвае бацькоў або асоб, якія іх замяняюць, выхоўваць дзяцей, клапаціцца аб іх здароўі, развіцці і навучанні. У той жа час дзяржава, будучы сацыяльна арыентаванай, павінна аказваць падтрымку сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, асабліва ў выпадках, калі ў сілу аб’ектыўных абставін дзіця не можа быць забяспечана неабходнымі сродкамі.

З улікам выкладзенага Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду, што ўстанаўліваемае правяраемым Законам заканадаўчае рэгуляванне накіравана на належную дзяржаўную падтрымку сям’і, мацярынства, бацькоўства і дзяцінства, устанаўленне прававых механізмаў, якія забяспечваюць названым інстытутам абарону, адэкватную мэтам сацыяльнай дзяржавы на сучасным этапе з улікам узроўню яе развіцця і фінансавых магчымасцей (рашэнне ад 29 чэрвеня 2017 г.).

1.2. У рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 8 чэрвеня 2017 г. «О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Закон Республики Беларусь «О социальном обслуживании» ўказана, што вызначэнне правяраемым Законам катэгорый грамадзян, у адносінах да якіх ажыццяўляецца сацыяльнае абслугоўванне, і ўдакладненне пераліку абставін, па якіх грамадзянін можа быць прызнаны маючым патрэбу ў сацыяльным абслугоўванні, адпавядаюць канстытуцыйным палажэнням аб праве кожнага на годны ўзровень жыцця і пастаяннае паляпшэнне неабходных для гэтага ўмоў (частка другая артыкула 21 Канстытуцыі), а таксама канстытуцыйным прынцыпам роўнасці і справядлівасці, з якіх вынікае неабходнасць роўнага абыходжання з асобамі, якія знаходзяцца ў роўных умовах, і прытрымліванне якіх азначае таксама забарону ўводзіць не маючыя аб’ектыўнага і разумнага апраўдання перавагі і іншыя адрозненні ў правах асоб, якія знаходзяцца ў аднолькавых або сходных абставінах.

У сілу прыведзеных палажэнняў Канстытуцыі пры ажыццяўленні прававога рэгулявання заканадаўцу неабходна ўлічваць патрэбнасці інвалідаў як асоб, якія адчуваюць патрэбу ў павышанай сацыяльнай дапамозе і абароне, а таксама інтарэсы іх сем’яў, што могуць зведваць значныя псіхалагічныя і матэрыяльныя цяжкасці ў сувязі з інваліднасцю члена сям’і. Стварэнне спецыяльных прававых механізмаў, што маюць на мэце як наданне інвалідам дадатковых пераваг у параўнанні з асобамі, якія захавалі здароўе, так і аказанне дапамогі сем’ям інвалідаў, адпавядае канстытуцыйнаму палажэнню аб гарантаванні ім роўных з іншымі грамадзянамі і сем’ямі магчымасцей пры рэалізацыі канстытуцыйных правоў.

1.3. Па выніках праверкі канстытуцыйнасці Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь» Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 28 снежня 2017 г. указаў, што правяраемым Законам артыкул 41 Закона Рэспублікі Беларусь «О местном управлении и самоуправлении в Республике Беларусь» дапаўняецца палажэннем аб тым, што абласныя, гарадскія, раённыя, пасялковыя і сельскія выканаўчыя камітэты ў межах сваёй кампетэнцыі аказваюць у рамках дзяржаўных праграм падтрымку юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам, якія аказваюць бытавыя паслугі насельніцтву ў аб’ектах бытавога абслугоўвання, размешчаных у сельскай мясцовасці, а таксама ў населеных пунктах, што не маюць аб’ектаў бытавога абслугоўвання, у форме расходаў на павелічэнне кошту асноўных сродкаў і (або) субсідый для набыцця неабходных для аказання бытавых паслуг насельніцтву сыравіны, матэрыялаў, камплектуючых, транспартных сродкаў, абсталявання, запасных частак да іх і іх рамонту, а таксама для будаўніцтва аб’ектаў бытавога абслугоўвання, размешчаных у сельскай мясцовасці, у тым ліку іх бягучага і капітальнага рамонту, рэканструкцыі.

Канстытуцыйны Суд адзначыў, што дадзеная норма Закона грунтуецца на канстытуцыйных палажэннях аб ажыццяўленні дзяржавай рэгулявання эканамічнай дзейнасці ў інтарэсах чалавека і грамадства (частка пятая артыкула 13), аб абавязку дзяржавы прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй (частка першая артыкула 59), і накіравана на забеспячэнне механізма рэалізацыі замацаваных артыкулам 120 Канстытуцыі палажэнняў аб тым, што мясцовыя Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы ў межах кампетэнцыі вырашаюць пытанні мясцовага значэння зыходзячы з агульнадзяржаўных інтарэсаў і інтарэсаў насельніцтва, якое пражывае на адпаведнай тэрыторыі, выконваюць рашэнні вышэйстаячых дзяржаўных органаў.

1.4. У рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 29 чэрвеня 2017 г. звернута ўвага на тое, што пры падрыхтоўцы і прыняцці Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Закон Республики Беларусь «Об адвокатуре и адвокатской деятельности в Республике Беларусь» у мэтах забеспячэння ў нарматворчай дзейнасці прынцыпу комплекснасці прававога рэгулявання заканадавец зыходзіў з узаемазвязаных палажэнняў Канстытуцыі і іншых заканадаўчых актаў.

З улікам палажэнняў частак першай і трэцяй артыкула 32, артыкула 57 Канстытуцыі і артыкула 1 Закона Рэспублікі Беларусь «Об альтернативной службе» правяраемым Законам у ліку падстаў прыпынення адвакацкай дзейнасці ўстанаўліваюцца ажыццяўленне адвакатам догляду за дзіцем ва ўзросце да трох гадоў і накіраванне адваката на альтэрнатыўную службу (пункт 1 артыкула 12 Закона «Об адвокатуре и адвокатской деятельности в Республике Беларусь»).

Канстытуцыйны Суд указаў, што такое заканадаўчае рэгуляванне накіравана, з аднаго боку, на забеспячэнне выканання асобамі, якія з’яўляюцца адвакатамі, важнейшай сацыяльнай функцыі бацькоў у адносінах да сваіх дзяцей, а таксама на стварэнне ўмоў для рэалізацыі імі канстытуцыйнага права на праходжанне альтэрнатыўнай службы, а з другога – на аптымізацыю парадку ажыццяўлення адвакацкай дзейнасці, пры якім захоўваецца статус адваката, гарантуецца аднаўленне адвакатам яго дзейнасці пасля спынення акалічнасцей, якія сталі падставамі яе прыпынення, зыходзячы з прыярытэту правоў і свабод чалавека і гарантый іх рэалізацыі.

1.5. Правяраючы канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «Об инвестиционных фондах», Канстытуцыйны Суд адзначыў, што ўстанаўліваемае гэтым Законам прававое рэгуляванне адносін у сферы ажыццяўлення інвестыцыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь адпавядае канстытуцыйным палажэнням аб гарантаванні ўсім роўных магчымасцей свабоднага выкарыстання здольнасцей і маёмасці для прадпрымальніцкай і іншай не забароненай законам эканамічнай дзейнасці і аб ажыццяўленні рэгулявання эканамічнай дзейнасці ў інтарэсах чалавека і грамадства.

Пры рэалізацыі правоў, замацаваных у артыкулах 13 і 44 Канстытуцыі, грамадзяне маюць права самастойна выбіраць сферу прадпрымальніцкай і іншай не забароненай законам эканамічнай дзейнасці і ажыццяўляць яе індывідуальна ці шляхам удзелу ў гаспадарчых таварыствах, фондах або ў іншых арганізацыйна-прававых формах, вызначаць эканамічную стратэгію развіцця свайго бізнесу, выкарыстоўваць сваю маёмасць з улікам устаноўленых Канстытуцыяй гарантый права ўласнасці, роўных магчымасцей свабоднага выкарыстання здольнасцей і маёмасці для ажыццяўлення прадпрымальніцкай і іншай не забароненай законам эканамічнай дзейнасці.

Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, заканадаўчае рэгуляванне адносін па фарміраванні і функцыянаванні інвестыцыйных фондаў накіравана на стварэнне больш спрыяльных умоў для ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці, дасягненне мэт інвестыцыйнай эканамічнай палітыкі краіны, забеспячэнне балансу паміж інтарэсамі як удзельнікаў інвестыцыйных фондаў (акцыянераў, уладальнікаў інвестыцыйных паёў, арганізацый, якія забяспечваюць належнае функцыянаванне інвестыцыйных фондаў), так і дзяржавы і адпавядае нормам артыкулаў 13 і 44 Канстытуцыі. Акрамя таго, прававое рэгуляванне ў названай сферы накіравана на выкананне Рэспублікай Беларусь дамоўленасцей аб фарміраванні Еўразійскага эканамічнага саюза, у тым ліку ў частцы гарманізацыі заканадаўства ў сферы калектыўных інвестыцый (рашэнне ад 6 ліпеня 2017 г.).

1.6. У рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 7 ліпеня 2017 г. «О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Уголовный и Уголовно-процессуальный кодексы Республики Беларусь» указана, што замацоўваемая правяраемым Законам магчымасць рэабілітацыі памерлай асобы, якая падлягала прыцягненню ў якасці падазронага, абвінавачванага, з прычыны ўстанаўлення яе невінаватасці ва ўчыненні дзеяння, прадугледжанага крымінальным законам, сведчыць аб рэалізацыі ў крымінальным працэсе канстытуцыйных прынцыпаў і норм, якія гарантуюць годнасць асобы, права кожнага на абарону ад замаху на яго гонар і годнасць, прэзумпцыю невінаватасці, роўнасць усіх перад законам, права кожнага на судовую абарону (артыкул 22, частка першая артыкула 25, артыкулы 26 і 28, частка першая артыкула 60 Канстытуцыі), у адносінах да асобы памерлага падазронага, абвінавачванага. Рэалізацыя ў заканадаўстве канстытуцыйных гарантый выканання правоў і свабод з’яўляецца адной з умоў забеспячэння вяршэнства права ў прававой дэмакратычнай дзяржаве, а таксама паказчыкам стану канстытуцыяналізму ў краіне.

Канстытуцыйным Судом адзначана, што прадугледжваемае заканадаўчае рэгуляванне, якое сведчыць аб устанаўленні дзяржавай прававых гарантый забеспячэння судовай абароны годнасці і гонару чалавека і пасля яго смерці, накіравана таксама на ўмацаванне даверу грамадзян да дзяржаўнай улады, іх упэўненасці ў гарантаванні дзяржавай рэалізацыі і абароны правоў і свабод як найвышэйшай каштоўнасці і мэты грамадства і дзяржавы.

Такім чынам, Канстытуцыйны Суд, пацвярджаючы адпаведнасць прынятых Нацыянальным сходам законаў Канстытуцыі і міжнародна-прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь, адзначаў у рашэннях, што прававыя нормы накіраваны на дасягненне і забеспячэнне канстытуцыйных мэт і інтарэсаў, замацаванне эфектыўных механізмаў рэалізацыі і абароны правоў і свабод грамадзян, умацаванне канстытуцыйнай законнасці.

Няўхільнае прытрымліванне ў заканатворчасці прынцыпаў і норм Канстытуцыі забяспечвае канстытуцыйнасць прымаемых законаў, гарантуе абарону правоў і свабод асобы, умацоўвае канстытуцыйныя асновы дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы, стабільнасць прававога рэгулявання.

2. Правы і свабоды чалавека з’яўляюцца найвышэйшай канстытуцыйнай каштоўнасцю, а іх выкананне – адной з важнейшых састаўляючых вяршэнства права.

Пры ацэнцы канстытуцыйнасці палажэнняў некаторых законаў, якія прадугледжваюць абмежаванне канстытуцыйных правоў і свабод, Канстытуцыйны Суд звяртаў увагу на неабходнасць забеспячэння ў заканатворчай дзейнасці вяршэнства права і прытрымлівання прынцыпу прапарцыянальнасці.

2.1. У рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 6 снежня 2017 г. указана, што артыкулам 38 Закона Рэспублікі Беларусь «О патентах на изобретения, полезные модели, промышленные образцы», які выкладаецца правяраемым Законам у новай рэдакцыі, прадугледжваецца прадастаўленне зацікаўленым асобам прымусовай простай (невыключнай) ліцэнзіі.

Канстытуцыйны Суд адзначыў, што прадастаўленне зацікаўленай асобе такой ліцэнзіі ў пэўнай меры абмяжоўвае права патэнтаўладальніка выкарыстоўваць вынаходства, карысную мадэль, прамысловы ўзор па сваім меркаванні, дазваляць або забараняць іх выкарыстанне іншым асобам. Аднак дадзенае абмежаванне абумоўлена неабходнасцю дасягнення разумнага балансу паміж інтарэсамі патэнтаўладальніка і інтарэсамі іншых асоб, дзяржавы і грамадства ў доступе да вынікаў навукова-тэхнічнай дзейнасці, у шырокім і эфектыўным іх выкарыстанні ў мэтах забеспячэння больш поўнай рэалізацыі правоў і законных інтарэсаў фізічных і юрыдычных асоб, а таксама сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь.

У сувязі з гэтым абмежаванне, устанаўліваемае ў частцы першай пункта 1 артыкула 38 Закона «О патентах на изобретения, полезные модели, промышленные образцы», па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, з’яўляецца правамерным і абгрунтаваным, паколькі адпавядае частцы першай артыкула 23 Канстытуцыі, якая вызначае, што абмежаванне правоў і свабод асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах абароны правоў і свабод іншых асоб, адпавядае прынцыпу прапарцыянальнасці, суразмерна з канстытуцыйна значнымі мэтамі і каштоўнасцямі.

2.2. У рашэнні ад 28 снежня 2017 г. Канстытуцыйны Суд адзначыў, што манапалістычная дзейнасць, азначаемая ў артыкуле 1 выкладаемага ў новай рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь «О противодействии монополистической деятельности и развитии конкуренции» як злоўжыванне суб’ектам гаспадарання, групай асоб сваім дамінуючым становішчам, заключэнне пагадненняў або ўчыненне ўзгодненых дзеянняў, а таксама ўчыненне іншых дзеянняў (бяздзейнасць), накіраваных на недапушчэнне, абмежаванне або ўстараненне канкурэнцыі і забароненых дадзеным Законам і іншымі актамі антыманапольнага заканадаўства (абзац дзявяты), а таксама нядобрасумленная канкурэнцыя, якая праяўляецца ў накіраваных на набыццё пераваг (выгад) у прадпрымальніцкай дзейнасці дзеяннях суб’екта гаспадарання або некалькіх суб’ектаў гаспадарання, якія супярэчаць дадзенаму Закону, іншым заканадаўчым актам і актам антыманапольнага заканадаўства або патрабаванням добрасумленнасці і разумнасці і могуць прычыніць або прычынілі страты іншым канкурэнтам ці могуць нанесці або нанеслі шкоду іх дзелавой рэпутацыі (абзац дзясяты), правамерна падлягаюць забароне, паколькі названыя дзеянні парушаюць правапарадак у сферы канкурэнцыі, супярэчаць інтарэсам іншых суб’ектаў гаспадарання і спажыўцоў, дзяржавы і грамадства ў цэлым.

Правяраючы канстытуцыйнасць дадзеных палажэнняў Закона, Канстытуцыйны Суд зыходзіў са сфармуляваных ім у шэрагу рашэнняў прававых пазіцый, згодна з якімі з улікам прынцыпу прапарцыянальнасці прававыя абмежаванні, якімі б ні былі падставы для іх устанаўлення, павінны забяспечваць належны баланс інтарэсаў грамадзян і дзяржавы. У той жа час абмежаванні канстытуцыйных правоў павінны быць юрыдычна дапушчальнымі, сацыяльна апраўданымі, адэкватнымі, суразмернымі і неабходнымі для абароны іншых канстытуцыйна значных каштоўнасцей, а таксама адпавядаць патрабаванням справядлівасці.

Канстытуцыйны Суд лічыць, што прававыя забароны ў дадзенай сферы дзейнасці незалежна ад падстаў іх устанаўлення павінны забяспечваць належны баланс паміж канстытуцыйнымі правамі і свабодамі асобы і публічнымі інтарэсамі дзяржавы і грамадства. Пры гэтым такія забароны ўстанаўліваюцца заканадаўцам не адвольна, а на аснове прынцыпаў і норм Канстытуцыі. Толькі пры выкананні заканадаўцам канстытуцыйных патрабаванняў гарантуецца забеспячэнне вяршэнства права і такіх яго састаўляючых, як законнасць, абарона канстытуцыйных правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян, правоў і законных інтарэсаў арганізацый.

Пры выяўленні канстытуцыйна-прававога сэнсу забарон на манапалістычную дзейнасць і нядобрасумленную канкурэнцыю Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду, што нормы артыкула 1 правяраемага Закона, якімі ўдакладняюцца дзеючыя і ўстанаўліваюцца новыя забароны, адпавядаюць палажэнням частак другой і чацвёртай артыкула 13 Канстытуцыі, што дапускаюць у асобных выпадках на ўзроўні закона магчымасць увядзення забароны на ажыццяўленне эканамічнай, гаспадарчай і іншай дзейнасці.

2.3. У рашэнні ад 7 ліпеня 2017 г. пры ацэнцы канстытуцыйнасці артыкула 132 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, выкладаемага ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Уголовный и Уголовно-процессуальный кодексы Республики Беларусь» у новай рэдакцыі, Канстытуцыйным Судом адзначана, што накладаннем у рамках крымінальнага працэсу арышту на маёмасць грамадзян і арганізацый у пэўнай меры закранаюцца гарантаваныя Канстытуцыяй кожнаму права ўласнасці і яе недатыкальнасць (часткі першая і другая артыкула 44).

Правяраючы канстытуцыйнасць ўводзімых абмежаванняў, Канстытуцыйны Суд зыходзіў з палажэнняў Канстытуцыі, згодна з якімі абмежаванне правоў і свабод асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у тым ліку ў інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны правоў і свабод іншых асоб (частка першая артыкула 23), а таксама з міжнародна-прававых стандартаў, што прадугледжваюць магчымасць толькі такіх абмежаванняў, якія ўстаноўлены законам выключна з мэтай забеспячэння належнага прызнання і павагі правоў і свабод іншых і задавальнення справядлівых патрабаванняў маралі, грамадскага парадку і агульнага дабрабыту ў дэмакратычным грамадстве (пункт 2 артыкула 29 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека).

Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, уводзімыя правяраемым Законам абмежаванні адпавядаюць указаным у Канстытуцыі інтарэсам, паколькі ўстанаўліваемае заканадаўчае рэгуляванне накіравана на абарону правоў і свабод грамадзян, грамадскіх і дзяржаўных інтарэсаў шляхам стварэння прававога механізма процідзеяння легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, і недапушчэння фінансавання тэрарызму, экстрэмізму, арганізаванай групы, незаконнага ўзброенага фарміравання, злачыннай арганізацыі, распаўсюджвання зброі масавага паражэння.

Нормы правяраемага Закона ў гэтай частцы маюць на мэце забеспячэнне належнага балансу публічна-прававых і прыватнаправавых інтарэсаў, паколькі накладанне арышту на маёмасць іншых асоб, будучы мерай працэсуальнага прымусу, па сваёй сутнасці выступае таксама мерай папераджальнай, якая не звязана з пазбаўленнем уласнасці, а з’яўляецца толькі абмежаваннем з боку дзяржавы магчымасці ўласніка бескантрольна распараджацца маёмасцю да ўстанаўлення яе фактычнай прыналежнасці, крыніц паходжання і законнасці адчужэння.

2.4. У рашэнні ад 8 чэрвеня 2017 г. Канстытуцыйным Судом адзначана, што патрабаванне выкладаемага у новай рэдакцыі артыкула 32 Закона Рэспублікі Беларусь «О социальном обслуживании» аб неабходнасці забеспячэння канфідэнцыяльнасці інфармацыі, якая стала вядомай пры аказанні сацыяльных паслуг, магчымасці яе прадастаўлення толькі ў прадугледжваемых заканадаўцам выпадках з’яўляецца суразмерным з абараняемымі правамі і інтарэсамі асоб, якім аказваюцца такія паслугі, паколькі гэта патрабаванне накіравана на выключэнне несанкцыяніраванага ўмяшання ў асабістае жыццё грамадзяніна праз выдаванне інфармацыі аб ім, пагрозы іншым канстытуцыйным правам і свабодам, звязаным з самавызначэннем асобы. Дадзеная норма правяраемага Закона адпавядае канстытуцыйным палажэнням аб праве кожнага на абарону ад незаконнага ўмяшання ў яго асабістае жыццё, аб магчымасці абмежавання заканадаўствам карыстання інфармацыяй у мэтах абароны гонару, годнасці, асабістага і сямейнага жыцця грамадзян і поўнага ажыццяўлення імі сваіх правоў (артыкул 28 і частка трэцяя артыкула 34 Канстытуцыі).

Канстатуючы, што ўстанаўліваемыя ў правераных законах абмежаванні канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян з’яўляюцца юрыдычна дапушчальнымі, сацыяльна апраўданымі, неабходнымі і суразмернымі, Канстытуцыйны Суд указваў, што заканадаўчае рэгуляванне, заснаванае на вяршэнстве Канстытуцыі і вяршэнстве права, забяспечвае баланс паміж канстытуцыйнымі правамі і свабодамі грамадзян і публічнымі інтарэсамі.

3. Канстытуцыйны Суд, ажыццяўляючы праверку законаў, з мэтай выключэння неканстытуцыйнасці заканадаўчага рэгулявання і папярэджання неканстытуцыйнага правапрымянення фармуляваў прававыя пазіцыі, накіраваныя на ўстараненне выяўленых прабелаў і іншых дэфектаў заканадаўчага рэгулявання, якія цягнуць магчымасць неканстытуцыйнага правапрымянення.

3.1. У рашэнні ад 28 снежня 2017 г. «О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Гражданский процессуальный кодекс Республики Беларусь» Канстытуцыйны Суд адзначыў, што згодна з часткай пятай артыкула 116 Канстытуцыі нарматыўныя прававыя акты або іх асобныя палажэнні, прызнаныя неканстытуцыйнымі, страчваюць сілу ў парадку, які вызначаецца законам.

Часткай шостай артыкула 85 Закона «О конституционном судопроизводстве» ўстаноўлена, што нарматыўныя прававыя акты, прызнаныя згодна з заключэннямі Канстытуцыйнага Суда не адпаведнымі Канстытуцыі, міжнародна-прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь, законам, дэкрэтам і ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, не могуць прымяняцца судамі, іншымі дзяржаўнымі органамі, іншымі арганізацыямі, службовымі асобамі. Калі іншае не ўстаноўлена Канстытуцыйным Судом, заснаваныя на такіх актах рашэнні судоў павінны быць ва ўстаноўленым парадку перагледжаны, а прынятыя (выдадзеныя) іншымі дзяржаўнымі органамі, іншымі арганізацыямі, службовымі асобамі прававыя акты – спыніць сваё дзеянне.

Канстытуцыйны Суд указаў, што дадзеныя нормы падугледжваюць наяўнасць адпаведнага заканадаўчага рэгулявання, якое забяспечвае перагляд судовых рашэнняў у сувязі з новай падставай – прызнаннем Канстытуцыйным Судом не адпаведнымі Канстытуцыі, міжнародна-прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь, законам, дэкрэтам і ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь нарматыўных прававых актаў, прымененых у канкрэтнай справе. Аднак у нормах правяраемага Закона, якімі вызначаецца вядзенне па пераглядзе судовых пастаноў па ізноў адкрытых акалічнасцях (глава 34 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь), указаная акалічнасць не ўключана ў пералік падстаў для перагляду ўступіўшых ў законную сілу судовых пастаноў па ізноў адкрытых акалічнасцях, што сведчыць аб прабеле канстытуцыйна-прававога рэгулявання грамадскіх адносін у дадзенай сферы.

Грунтуючыся на нормах Канстытуцыі, згодна з якімі дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства, а дзяржава абавязана прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй (частка другая артыкула 7 і частка першая артыкула 59), Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду, што заканадаўцу пры далейшым удасканальванні грамадзянскага працэсуальнага заканадаўства неабходна ўстараніць прабел канстытуцыйна-прававога рэгулявання перагляду судовых пастаноў, якія ўступілі ў законную сілу, па новых акалічнасцях шляхам аднясення да іх у тым ліку прызнання Канстытуцыйным Судом не адпавядаючымі Канстытуцыі, міжнародна-прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь, законам, дэкрэтам і ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь нарматыўных прававых актаў, што паслужылі падставамі для вынясення судовых рашэнняў.

3.2. Пры праверцы канстытуцыйнасці Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений в некоторые законы Республики Беларусь» Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 8 чэрвеня 2017 г. зыходзіў з неабходнасці забеспячэння справядлівага балансу публічна-прававых і прыватнаправавых інтарэсаў, а таксама правоў і законных інтарэсаў удзельнікаў праваадносін пры вызначэнні заканадаўцам умоў рэалізацыі канстытуцыйных правоў і свабод чалавека і грамадзяніна.

У сувязі з указаным Канстытуцыйным Судом звернута ўвага на нормы артыкулаў 139 і 141 Закона Рэспублікі Беларусь «О таможенном регулировании в Республике Беларусь», якія вызначаюць умовы як звароту затрыманых мытнымі органамі пры правядзенні мытнага кантролю тавараў, што не з’яўляюцца прадметамі адміністрацыйных правапарушэнняў або злачынстваў, так і распараджэння незапатрабаванымі таварамі. Пры гэтым артыкул 141 дадзенага Закона не змяшчае палажэння, што абавязвае мытны орган, які затрымаў тавары, своечасова паведамляць асобам, указаным у артыкуле 147 Мытнага кодэкса Мытнага саюза, аб даце наступлення падзеі, якая дазваляе кампетэнтнаму дзяржаўнаму органу выкарыстаць затрыманыя тавары, што сведчыць аб наяўнасці ў заканадаўстве прабела, які мае канстытуцыйна-прававое значэнне, абумоўленае неабходнасцю забеспячэння рэалізацыі палажэнняў Канстытуцыі аб гарантаванні дзяржавай кожнаму права ўласнасці; абароне дзяржавай уласнасці, набытай законным спосабам; абавязку дзяржавы прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй (часткі першая і трэцяя артыкула 44, частка першая артыкула 59).

У мэтах забеспячэння балансу паміж агульнадзяржаўнымі інтарэсамі і правамі ўласнікаў на затрыманыя мытнымі органамі тавары Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным пры далейшым удасканальванні прававога рэгулявання сферы мытных адносін устанавіць у заканадаўстве абавязак мытных органаў своечасова паведамляць уласнікам і іншым асобам, якія маюць права на атрыманне затрыманых тавараў, аб даце наступлення падзеі, што дазваляе кампетэнтным дзяржаўным органам у вызначаным заканадаўствам парадку распарадзіцца такімі таварамі.

3.3. У рашэнні ад 7 ліпеня 2017 г. «О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Уголовный и Уголовно-процессуальный кодексы Республики Беларусь» Канстытуцыйным Судом звернута ўвага заканадаўца на тое, што прытрымліванне канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права падугладжвае ў тым ліку забеспячэнне комплекснасці заканадаўчага рэгулявання. Між тым, замацоўваючы ў частцы 2 артыкула 132 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса магчымасць накладання арышту на маёмасць, якая знаходзіцца ва ўласнасці іншых асоб, для праверкі яе фактычнай прыналежнасці, крыніц паходжання і законнасці адчужэння, калі ёсць дастатковыя падставы меркаваць, што гэта маёмасць была адчужана падазроным, абвінавачваным у тым ліку ў мэтах фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці, тэрарызму, экстрэмісцкай дзейнасці (экстрэмізму), арганізаванай групы, незаконнага ўзброенага фарміравання, злачыннай арганізацыі, распаўсюджвання або фінансавання распаўсюджвання зброі масавага паражэння, заканадавец не прадугледзеў у крымінальным законе прававых падстаў магчымай канфіскацыі такой маёмасці.

Выяўленыя ў асобных законах прабелы і прававая нявызначанасць не носяць сістэмнага характару. Разам з тым Канстытуцыйны Суд звяртаў увагу заканадаўца, што пры далейшым удасканальванні заканадаўчага рэгулявання грамадскіх адносін у адпаведнасці з канстытуцыйнымі палажэннямі неабходна забяспечваць паўнату і несупярэчлівасць прававога рэгулявання, яснасць і адназначнасць прававых норм, прытрымліванне прынцыпаў прававой пэўнасці, прадказальнасці і прававой бяспекі ў заканатворчым працэсе.

4. У шэрагу рашэнняў Канстытуцыйны Суд, адзначаючы рэалізацыю ў правераных законах канстытуцыйных палажэнняў, указваў на неабходнасць павышэння якасці і эфектыўнасці нарматворчасці, удасканальвання прававых механізмаў рэгулявання грамадскіх адносін для дасягнення канстытуцыйных мэт і развіцця канстытуцыйных каштоўнасцей.

4.1. У рашэнні ад 28 снежня 2017 г. «О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Гражданский процессуальный кодекс Республики Беларусь» Канстытуцыйным Судом указана, што згодна з нормамі правяраемага Закона рашэнні і вызначэнні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь абскарджанню (апратэставанню) у апеляцыйным парадку не падлягаюць (частка чацвёртая артыкула 399 і частка другая артыкула 400 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса).

Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, устанаўліваемае Законам рэгуляванне ў дадзенай частцы не супярэчыць палажэнням Канстытуцыі, аднак разам з тым не дазваляе выкарыстоўваць у дачыненні да судовых пастаноў Вярхоўнага Суда вызначаемыя сутнасцю апеляцыйнага вядзення працэсуальныя магчымасці праверкі іх законнасці і абгрунтаванасці, звужае працэсуальныя гарантыі ажыццяўлення эфектыўнага кантролю абгрунтаванасці зробленых вывадаў у параўнанні з разглядам грамадзянскіх спраў іншымі судамі агульнай юрысдыкцыі.

Канстытуцыйны Суд указаў, што заканадаўцу пры далейшым удасканальванні норм грамадзянскага працэсуальнага закона, якія рэгулююць вядзенне па справах у апеляцыйным парадку, у мэтах выканання канстытуцыйных прынцыпаў вяршэнства права і законнасці, рэальнага гарантавання канстытуцыйнага права кожнага на судовую абарону, забеспячэння законнасці і абгрунтаванасці судовых пастаноў неабходна прадугледзець магчымасць абскарджання (апратэставання) у апеляцыйным парадку пастаноў па грамадзянскіх справах, разгледжаных Вярхоўным Судом па першай інстанцыі.

4.2. Па выніках праверкі канстытуцыйнасці Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Закон Республики Беларусь «О Национальной академии наук Беларуси» Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу заканадаўца на тое, што ў мэтах забеспячэння ўпарадкаванага і стабільнага развіцця адносін па даследаванні і выкарыстанні касмічнай прасторы, уключаючы эфектыўнае прымяненне перадавых дасягненняў касмічнай навукі і тэхнікі, развіццё адпаведных галін эканомікі Рэспублікі Беларусь, патрабуецца сістэмнае заканадаўчае рэгуляванне адносін у галіне касмічнай дзейнасці (рашэнне ад 6 снежня 2017 г.).

4.3. Правяраючы канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «О признании утратившими силу законодательных актов и их отдельных положений», Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 4 лістапада 2017 г. адзначыў, што прызнанне нарматыўных прававых актаў (іх асобных палажэнняў) страціўшымі сілу адпавядае мэтам сістэматызацыі заканадаўства, садзейнiчае дасягненню ўзгодненасці і ўпарадкавання прававых норм, устараненню іх множнасці, забеспячэнню сістэмнага прававога рэгулявання грамадскіх адносін, а таксама адпавядае патрабаванням заканадаўства ў сферы нарматворчасці.

Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду, што правяраемы Закон, якім шэраг заканадаўчых актаў і іх асобныя прававыя нормы прызнаюцца страціўшымі сілу, накіраваны на рэалізацыю канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права. Сістэмнае, комплекснае заканадаўчае рэгуляванне забяспечвае больш поўную рэалізацыю норм Канстытуцыі, якія гарантуюць адпаведныя правы, законныя інтарэсы фізічных і юрыдычных асоб і рэгулююць дзейнасць дзяржаўных органаў.

Пры гэтым у рашэнні звернута ўвага заканадаўца на тое, што дзеянне на працягу значнага перыяду часу непрымяняемых у сувязі з фактычнай стратай свайго значэння норм заканадаўства, якія не адпавядаюць адна адной, можа прывесці да неканстытуцыйнага правапрымянення.

4.4. У некаторых законах, разам з устанаўленнем адпаведнага заканадаўчага рэгулявання, заканадаўцам прадугледжвалася неабходнасць прыняцця падзаконных нарматыўных прававых актаў з мэтай забеспячэння паўнаты прававога рэгулявання асобных сфер грамадскіх адносін.

Пры выяўленні канстытуцыйна-прававога зместу і ацэнцы канстытуцыйнасці норм такіх законаў Канстытуцыйны Суд, зыходзячы з важнасці адпаведных грамадскіх адносін і іх канстытуцыйна-прававога характару, указваў на неабходнасць забеспячэння вяршэнства Канстытуцыі, рэалізацыі канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян, стварэння дзейсных механізмаў увасаблення ў жыццё іншых канстытуцыйных каштоўнасцей не толькі ў законах, але і пры прыняцці падзаконных нарматыўных прававых актаў.

Так, у рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 8 чэрвеня 2017 г. адзначана, што ў адпаведнасці з нормамі Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Закон Республики Беларусь «О социальном обслуживании» мясцовым выканаўчым і распарадчым органам прадастаўляецца магчымасць прымаць рашэнне аб аказанні іншых сацыяльных паслуг з вызначэннем катэгорый грамадзян, якія маюць права на іх атрыманне, а таксама вызначаць іншыя катэгорыі грамадзян, якія маюць права на атрыманне прадугледжаных законам сацыяльных паслуг. Пры гэтым мясцовыя органы ўлады ўпаўнаважваюцца прадугледжваць парадак і ўмовы аказання ўстаноўленых імі сацыяльных паслуг. Замацоўваецца таксама палажэнне аб тым, што іншыя арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія аказваюць сацыяльныя паслугі, самастойна вызначаюць, апрача відаў аказваемых імі сацыяльных паслуг, таксама катэгорыі грамадзян, якія маюць права на іх атрыманне.

Дадзеныя нормы, накіраваныя на ўзмацненне даступнасці сацыяльных паслуг для насельніцтва з улікам асаблівасцей яго складу на канкрэтнай тэрыторыі, пашырэнне катэгорый грамадзян, якія атрымліваюць сацыяльныя паслугі, і відаў прадастаўляемых сацыяльных паслуг, па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, грунтуюцца на палажэннях артыкула 120 Канстытуцыі, а таксама адпавядаюць мэтам рэалізацыі канстытуцыйных палажэнняў аб праве кожнага на годны ўзровень жыцця, праве грамадзян на сацыяльнае забеспячэнне.

Разам з тым Канстытуцыйным Судом звернута ўвага на тое, што мясцовым выканаўчым і распарадчым органам пры ўстанаўленні парадку і ўмоў аказання сацыяльных паслуг і пры вызначэнні дадатковых катэгорый грамадзян, якія маюць права на іх атрыманне, іншым арганізацыям і індывідуальным прадпрымальнікам, якія аказваюць сацыяльныя паслугі, пры вызначэнні відаў аказваемых імі сацыяльных паслуг і катэгорый грамадзян, якія маюць права на іх атрыманне, належыць зыходзіць з неабходнасці забеспячэння для грамадзян, трапіўшых ў цяжкую жыццёвую сітуацыю, роўнага доступу да сацыяльных паслуг; пры гэтым павінна быць забяспечана эканамічная даступнасць сацыяльных паслуг у выпадку іх аказання на платнай аснове суб’ектамі як дзяржаўнай, так і прыватнай форм уласнасці.

4.5. Пры праверцы канстытуцыйнасці Закона «О противодействии монополистической деятельности и развитии конкуренции» Канстытуцыйным Судом звернута ўвага на палажэнні артыкула 19, згодна з якімі ў выпадку выяўлення факта злоўжывання суб’ектам гаспадарання дамінуючым становішчам, устаноўленага рашэннем антыманапольнага органа, у мэтах папярэджання стварэння дыскрымінацыйных умоў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь мае права ўстанавіць правілы недыскрымінацыйнага доступу да тавараў, што вырабляюцца і (або) рэалізуюцца суб’ектам гаспадарання, які займае дамінуючае становішча і не з’яўляецца суб’ектам натуральнай манаполіі, доля якога на адпаведным таварным рынку складае больш як 70 працэнтаў; антыманапольны орган мае права нароўні з іншымі мерамі выносіць суб’екту гаспадарання, які займае дамінуючае становішча, абавязковае для выканання прадпісанне аб зацвярджэнні і апублікаванні правіл гандлёвай практыкі, накіраваных на забеспячэнне недыскрымінацыйнага доступу да тавараў, на рынку якіх гэты суб’ект гаспадарання займае дамінуючае становішча; патрабаванні да зместу правіл гандлёвай практыкі і парадку іх апублікавання ўстанаўліваюцца антыманапольным органам.

Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду, што такое заканадаўчае рэгуляванне грунтуецца на палажэннях артыкула 107 Канстытуцыі, якія замацоўваюць паўнамоцтвы Урада па забеспячэнні правядзення адзінай эканамічнай, фінансавай, крэдытнай і грашовай палітыкі, дзяржаўнай палітыкі ў галіне навукі, культуры, адукацыі, аховы здароўя, экалогіі, сацыяльнага забеспячэння і аплаты працы; па прыняцці мер па забеспячэнні правоў і свабод грамадзян, абароне інтарэсаў дзяржавы, нацыянальнай бяспекі і абараназдольнасці, ахове ўласнасці і грамадскага парадку, барацьбе са злачыннасцю; па ажыццяўленні іншых паўнамоцтваў, ускладзеных на яго Канстытуцыяй, законамі і актамі Прэзідэнта (абзацы пяты, шосты і дзясяты).

У той жа час з аналізу зместу артыкула 19 Закона «О противодействии монополистической деятельности и развитии конкуренции» бачыцца, што ў ім адсутнічаюць нормы, якія замацоўваюць пералік пытанняў, што падлягаюць уключэнню ў правілы недыскрымінацыйнага доступу да тавараў пры іх прыняцці Саветам Міністраў, а таксама круг патрабаванняў да зместу правіл гандлёвай практыкі, права на ўстанаўленне якіх надаецца антыманапольнаму органу.

Канстытуцыйны Суд указаў, што ўпаўнаважаныя органы ў рамках рэалізацыі нададзеных ім дыскрэцыйных паўнамоцтваў па прыняцці адпаведных правіл не павінны абмяжоўваць правы асоб, замацаваныя законам, а таксама рэгламентаваць пытанні дзейнасці суб’ектаў гаспадарання, не звязаныя з забеспячэннем роўных умоў доступу спажыўцоў да тавараў, замахвацца на саму сутнасць эканамічнай свабоды. У сувязі з гэтым Савету Міністраў і антыманапольнаму органу пры рэалізацыі нададзенага ім права на ўстанаўленне названых у Законе «О противодействии монополистической деятельности и развитии конкуренции» правіл належыць асноўвацца на нормах дадзенага Закона і іншых заканадаўчых актаў, якія рэгулююць адносіны ва ўказанай сферы, і зыходзіць з канстытуцыйных каштоўнасцей і прынцыпаў, у тым ліку палажэння часткі першай артыкула 23 Канстытуцыі, што дапускае магчымасць абмежавання правоў і свабод асобы толькі ў выпадках, прадугледжаных законам і ў канстытуцыйна значных інтарэсах (рашэнне ад 28 снежня 2017 г.).

4.6. Пры праверцы канстытуцыйнасці Закона, які прадугледжвае ўнясенне змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «О социальном обслуживании», Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 8 чэрвеня 2017 г. адзначыў, што заканадаўцам вызначаюцца ўмовы і парадак аказання сацыяльных паслуг. У прыватнасці, прадугледжваюцца падставы для адмовы ў аказанні сацыяльных паслуг, а таксама выпадкі спынення аказання сацыяльных паслуг.

Нароўні з гэтым Канстытуцыйны Суд, аналізуючы норму, згодна з якой іншыя ўмовы і парадак аказання названых сацыяльных паслуг устанаўліваюцца Саветам Міністраў або ўпаўнаважаным ім дзяржаўным органам, падкрэсліў, што дадзеная норма грунтуецца на палажэннях артыкула 107 Канстытуцыі. Разам з тым у працэсе рэалізацыі ўскладаемых правяраемым Законам на Савет Міністраў паўнамоцтваў неабходна вызначаць прававое рэгуляванне ўмоў і парадку аказання сацыяльных паслуг такім чынам, каб не закраналіся правы фізічных асоб, якія падлягаюць устанаўленню, карэкціроўцы, адмене толькі на ўзроўні закона, і выконвалася палажэнне артыкула 47 Канстытуцыі аб праве грамадзян Рэспублікі Беларусь на сацыяльнае забеспячэнне, а таксама патрабаванне часткі першай артыкула 23 Канстытуцыі аб магчымасці абмежавання правоў і свабод асобы толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, і ў канстытуцыйна значных інтарэсах.

Такім чынам, Канстытуцыйны Суд арыентаваў заканадаўца і іншыя нарматворчыя органы на далейшае развіццё фундаментальных канстытуцыйных палажэнняў, вызначаў вектар заканадаўчага рэгулявання ў мэтах забеспячэння стабільнасці канстытуцыйна-прававога развіцця дзяржавы і грамадства, няўхільнага прытрымлівання канстытуцыйнай мадэлі арганізацыі грамадскіх адносін.

5. У мэтах недапушчэння неканстытуцыйнай правапрымяняльнай практыкі Канстытуцыйны Суд у прававых пазіцыях, адрасаваных правапрымяняльнікам, выяўляючы канстытуцыйна-прававы сэнс прававых норм, вызначаў канстытуцыйна-прававы рэжым іх прымянення.

5.1. У рашэнні ад 6 снежня 2017 г. «О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Закон Республики Беларусь «О патентах на изобретения, полезные модели, промышленные образцы» Канстытуцыйным Судом указана, што ў адпаведнасці з палажэннямі правяраемага Закона не прызнаецца парушэннем выключнага права патэнтаўладальніка выкарыстанне вынаходства, карыснай мадэлі, прамысловага ўзору пры надзвычайных абставінах (стыхійныя бедствы, катастрофы, аварыі, эпідэміі, эпізаотыі і да т.п.) з паведамленнем патэнтаўладальніку аб такім выкарыстанні ў найкарацейшы тэрмін і выплатай яму суразмернай кампенсацыі.

У якасці падстаў для выкарыстання вынаходства без згоды патэнтаўладальніка вызначаюцца надзвычайныя абставіны, да якіх заканадавец адносіць стыхійныя бедствы, катастрофы, аварыі, эпідэміі, эпізаотыі. Пры гэтым у Законе прадугледжваецца адкрыты пералік надзвычайных абставін.

Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, адсутнасць у названым Законе пераліку крытэрыяў, якія даюць магчымасць кваліфікаваць абставіны тэхнагеннага, прыроднага або сацыяльнага генезісу як надзвычайныя, не дазваляе дакладна вызначыць іншыя абставіны, якія падлягаюць аднясенню да надзвычайных па сэнсе правяраемага Закона.

З улікам выкладзенага Канстытуцыйны Суд адзначыў, што ў мэтах належнага забеспячэння правоў як патэнтаўладальніка, так і іншых фізічных і юрыдычных асоб пры прымяненні нормы абзаца шостага артыкула 10 Закона «О патентах на изобретения, полезные модели, промышленные образцы» правапрымяняльніку належыць зыходзіць з канстытуцыйна-прававога сэнсу дадзенай нормы, у сувязі з чым пад іншымі абставінамі, якія падлягаюць прызнанню ў якасці надзвычайных, нароўні з устаноўленымі ва ўказаным абзацы, патрэбна разумець толькі тыя, якія звязаны з пагрозамі такім замацаваным у артыкуле 23 Канстытуцыі канстытуцыйна значным інтарэсам, як нацыянальная бяспека, грамадскі парадак, абарона маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод грамадзян.

5.2. У рашэнні ад 6 снежня 2017 г. Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу таксама на норму артыкула 41 Закона «О патентах на изобретения, полезные модели, промышленные образцы», выкладаемага у новай рэдакцыі, якая вызначае, што нароўні з выкарыстаннем спосабаў абароны выключных правоў, прадугледжаных заканадаўствам, патэнтаўладальнік або асоба, якой нададзена права на выкарыстанне вынаходства, карыснай мадэлі, прамысловага ўзору па ліцэнзійным дагаворы, што прадугледжвае прадастаўленне выключнай ліцэнзіі, можа па сваім выбары патрабаваць ад асобы, якая парушыла выключнае права на вынаходства, карысную мадэль, прамысловы ўзор, замест пакрыцця страт выплаты кампенсацыі ў памеры ад адной да пяцідзесяці тысяч базавых велічынь, вызначаемым судом з улікам характару парушэння.

Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, замацоўваючы норму аб магчымасці патрабаваць ад асобы, якая парушыла выключнае права на вынаходства, карысную мадэль, прамысловы ўзор, выплаты кампенсацыі і вызначаючы яе мінімальную і максімальную межы, заканадавец зыходзіў з неабходнасці забеспячэння эфектыўнай абароны парушаных правоў патэнтаўладальніка найбольш прымальным для яго спосабам, а таксама ўлічваючы складанасць ацэнкі прычыненых патэнтаўладальніку страт. Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу, што ў працэсе правапрымянення належыць зыходзіць з таго, што памер кампенсацыі маёмаснай шкоды з прычыны парушэння названага выключнага права павінен вызначацца з прытрымліваннем прынцыпаў разумнасці і справядлівасці.

5.3. У рашэнні ад 7 ліпеня 2017 г. «О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Уголовный и Уголовно-процессуальный кодексы Республики Беларусь» Канстытуцыйны Суд адзначыў, што для забеспячэння канстытуцыйна-прававога рэжыму прымянення артыкулаў 1731–1733 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, заснаваных на нормах Канстытуцыі аб устанаўленні прынцыпу вяршэнства права як важнейшай прыметы, якая характарызуе прававую дзяржаву (частка першая артыкула 1, часткі першая і другая артыкула 7), аб гарантаванні правоў і свабод чалавека як найвышэйшай канстытуцыйнай каштоўнасці (частка першая артыкула 2, часткі першая і трэцяя артыкула 21, часткі першая і другая артыкула 59) і вынікаючых з дадзеных норм прынцыпах законнасці, забеспячэння абароны правоў і свабод грамадзян у крымінальным працэсе (артыкулы 8 і 10 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса), ад правапрымяняльнікаў патрабуюцца няўхільнае прытрымліванне ўказаных канстытуцыйных палажэнняў і прынцыпаў крымінальнага працэсу, іх рэальнае ўвасабленне на практыцы з мэтай забеспячэння правоў і абавязкаў грамадзян, якія з’яўляюцца ўдзельнікамі крымінальна-працэсуальных адносін.

5.4. У названым рашэнні ад 7 ліпеня 2017 г., канстатаваўшы адпаведнасць артыкула 1781 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса палажэнням артыкула 22, часткі першай артыкула 23, артыкула 28, частак другой і трэцяй артыкула 34 Канстытуцыі, Канстытуцыйны Суд указаў, што пры рэалізацыі грамадзянамі замацаванага ў крымінальна-працэсуальным законе права на атрыманне інфармацыі аб прынятым рашэнні па выніках праверкі па заяве або паведамленні аб злачынстве, а роўна пры выкананні службовымі асобамі органа крымінальнага праследавання абавязку яе прадаставіць павінны захоўвацца ўстаноўленыя Крымінальна-працэсуальным кодэксам граніцы абмежавання права грамадзян на атрыманне такой інфармацыі, абумоўленыя неабходнасцю прытрымлівання правоў, свабод і законных інтарэсаў іншых асоб, а таксама характарам змешчанай у матэрыялах праверкі інфармацыі.

Пры праверцы канстытуцыйнасці законаў Канстытуцыйны Суд, зыходзячы з канстытуцыйных прынцыпаў і каштоўнасцей, канстытуцыйна-дактрынальных падыходаў да ўдасканальвання прававой сістэмы, указваў вектар заканадаўчага рэгулявання важнейшых сфер грамадскага жыцця.

Ажыццяўленне папярэдняга канстытуцыйнага кантролю дазваляе папярэджваць узнікненне канстытуцыйных канфліктаў, аказвае стабілізуючы ўплыў на ўсіх удзельнікаў канстытуцыйных адносін, нацэльвае заканадаўца і правапрымяняльнікаў на няўхільнае выкананне Канстытуцыі і канстытуцыйна-прававога рэжыму.

II

Канстытуцыйны Суд у адпаведнасці з часткай чацвёртай артыкула 116 Канстытуцыі па прапановах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Палаты прадстаўнікоў, Савета Рэспублікі, Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь дае заключэнні аб канстытуцыйнасці нарматыўных актаў у парадку наступнага канстытуцыйнага кантролю.

Згодна з часткай чацвёртай артыкула 22 Кодэкса аб судаўладкаванні і статусе суддзяў з ініцыятывай аб унясенні ў Канстытуцыйны Суд прапаноў аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўнага прававога акта, прымененага ў канкрэтных рашэнні дзяржаўнага органа або пастанове суда агульнай юрысдыкцыі, у выніку чаго, па меркаванні грамадзяніна, у тым ліку індывідуальнага прадпрымальніка, арганізацыі (за выключэннем дзяржаўных органаў), парушаюцца правы, свабоды і законныя інтарэсы грамадзяніна, у тым ліку індывідуальнага прадпрымальніка, правы і законныя інтарэсы арганізацыі, гэтыя грамадзяне і арганізацыі звяртаюцца да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, органаў, надзеленых правам унясення ў Канстытуцыйны Суд такіх прапаноў.

У 2017 годзе ў Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу, Савет Міністраў, Вярхоўны Суд паступілі 72 ініцыятыўныя звароты, што сведчыць аб важнасці дадзенай формы апасродкаванага доступу грамадзян і арганізацый да канстытуцыйнага правасуддзя.

У зваротах змяшчаліся пытанні аб неадпаведнасці Канстытуцыі, па меркаванні заяўнікаў, асобных палажэнняў нарматыўных прававых актаў, якія маглі стаць прадметам іх разгляду ў Канстытуцыйным Судзе, што ўказвае на недастатковасць прававых механізмаў для рэгулявання асобных сфер грамадскага жыцця.

Прапановы, заснаваныя на ініцыятыўных зваротах грамадзян і арганізацый, ад упаўнаважаных органаў у Канстытуцыйны Суд у мінулым годзе не паступалі.

Разам з тым Канстытуцыйны Суд адзначае, што інфармаванне Суда на сістэматычнай аснове органамі, якія валодаюць правам унясення ў Канстытуцыйны Суд прапаноў аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў, аб выніках разгляду ў рамках сваёй кампетэнцыі ініцыятыўных зваротаў грамадзян і арганізацый, сведчыць аб накіраванасці дзейнасці ўпаўнаважаных органаў на ўзаемадзеянне з Канстытуцыйным Судом з мэтай забеспячэння канстытуцыйнага права кожнага на доступ да канстытуцыйнага правасуддзя.

Для своечасовага выключэння з прававой сістэмы неканстытуцыйных норм, фарміравання судовай практыкі, накіраванай на забеспячэнне абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзян і арганізацый, па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, ад судоў агульнай юрысдыкцыі патрабуецца прымяненне палажэнняў артыкула 112 Канстытуцыі аб пастаноўцы ва ўстаноўленым парадку пытання аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўнага прававога акта, які падлягае прымяненню пры разглядзе канкрэтнай справы.

Зыходзячы з сэнсу дадзенай нормы Канстытуцыі, які заключаецца ў недапушчэнні неканстытуцыйнага правапрымянення пры ажыццяўленні правасуддзя, Канстытуцыйны Суд лічыць, што ў мэтах папярэджання магчымых негатыўных наступстваў неканстытуцыйнасці нарматыўнага прававога акта, які падлягае прымяненню ў канкрэтнай справе, у выпадку сумненняў у яго канстытуцыйнасці суды агульнай юрысдыкцыі павінны быць правамоцныя да прыняцця рашэння звярнуцца ў Канстытуцыйны Суд з запытам аб праверцы канстытуцыйнасці такога акта.

Прыняцце Канстытуцыйным Судом рашэння аб канстытуцыйнасці нарматыўнага прававога акта да яго прымянення судом агульнай юрысдыкцыі дазволіць вырашыць сумненні ў канстытуцыйнасці такога акта, папярэдзіць магчымыя негатыўныя наступствы яго прымянення, садзейнічаючы тым самым вынясенню законных і абгрунтаваных судовых рашэнняў у мэтах забеспячэння належнай абароны правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян і арганізацый.

Рэальнае забеспячэнне рэалізацыі права кожнага на судовую абарону, уключаючы апасродкаваны доступ да канстытуцыйнага правасуддзя, з’яўляецца неабходнай умовай павышэння ўзроўню гарантаванасці канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян, правоў і законных інтарэсаў арганізацый.

III 

Абавязковай умовай зацвярджэння сучаснага канстытуцыяналізму з’яўляецца канстытуцыяналізацыя права, што абумоўлівае неабходнасць эфектыўнага прававога рэгулявання грамадскіх адносін, устаранення ў дзеючым заканадаўстве прабелаў, выключэння калізій і прававой нявызначанасці ў мэтах забеспячэння і абароны канстытуцыйных правоў і свабод кожнага.

У 2017 годзе ў Канстытуцыйны Суд ад грамадзян і арганізацый паступілі 602 звароты, у якіх змяшчаліся пытанні прававога характару, у тым ліку аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў, устараненні ў іх прабелаў і выключэнні прававой нявызначанасці, тлумачэнні (растлумачэнні) нарматыўных прававых актаў, рэалізацыі рашэнняў Канстытуцыйнага Суда.

Ажыццяўляючы замацаваныя ў абзацы восьмым часткі трэцяй артыкула 22 Кодэкса аб судаўладкаванні і статусе суддзяў паўнамоцтвы прымаць рашэнні аб устараненні ў нарматыўных прававых актах прабелаў, выключэнні ў іх калізій і прававой нявызначанасці, Канстытуцыйны Суд зыходзіў з вяршэнства Канстытуцыі, неабходнасці забеспячэння вяршэнства права, абавязку дзяржавы прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй.

1. У рашэнні ад 6 чэрвеня 2017 г. «О правовом регулировании специальной конфискации» Канстытуцыйны Суд зрабіў вывад аб наяўнасці ў нормах Крымінальнага і Крымінальна-працэсуальнага кодэксаў прававой нявызначанасці, якая выражаецца ў неадназначным і супярэчлівым прававым рэгуляванні спецыяльнай канфіскацыі нормамі рознай галіновай прыналежнасці, а таксама ў адсутнасці дакладнага азначэння на заканадаўчым узроўні самога паняцця спецыяльнай канфіскацыі.

Нароўні з гэтым Канстытуцыйны Суд указаў на наяўнасць у дадзеных кодэксах прававога прабела, абумоўленага неабходнасцю імплементацыі палажэнняў міжнародна-прававых актаў аб канфіскацыі не толькі маёмасці і даходаў, атрыманых у выніку ўчынення канвенцыйных злачынстваў (тэрарызм, арганізаваная злачыннасць, гандаль людзьмі, незаконны абарот наркотыкаў і інш.), але і законна набытай маёмасці, якая выкарыстоўваецца для фінансавання гэтых відаў злачыннай дзейнасці, а таксама прабела прававога рэгулявання, што датычыцца рэалізацыі патрабаванняў міжнародна-прававых актаў, удзельніцай якіх з’яўляецца Рэспубліка Беларусь, у частцы забеспячэння правоў і законных інтарэсаў добрасумленных пакупнікоў маёмасці, у дачыненні да якой прынята рашэнне аб спецыяльнай канфіскацыі ў сувязі з прызнаннем яе здабытай злачынным шляхам.

Канстытуцыйным Судом таксама адзначана, што змест норм артыкулаў 370 і 408 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, рэгулюючых апеляцыйны парадак абскарджання прыгавору, а таксама абскарджанне прыгавору ў парадку нагляду, што не прадугледжваюць належны прававы механізм парадку абскарджання прыгавораў асобамі, якія не з’яўляюцца ўдзельнікамі крымінальнага працэсу, маёмасць якіх падлягае спецыяльнай канфіскацыі ў сувязі з прызнаннем яе здабытай злачынным шляхам, у частцы, што закранае іх правы і законныя інтарэсы, сведчыць аб наяўнасці ў заканадаўстве прабела канстытуцыйна-прававога характару.

У мэтах забеспячэння канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права, абароны дзяржавай уласнасці, набытай законным спосабам, рэалізацыі канстытуцыйнага права кожнага на судовую абарону Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным выключыць прававую нявызначанасць і ўстараніць існуючыя прабелы прававога рэгулявання шляхам унясення заканадаўцам адпаведных змяненняў і дапаўненняў у нормы Крымінальнага і Крымінальна-працэсуальнага кодэксаў.

2. У рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 21 чэрвеня 2017 г. «Об обеспечении права на беспрепятственную и своевременную юридическую помощь в уголовном процессе» адзначана, што пры фармуляванні артыкулаў 44 і 48 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса заканадавец выкарыстаў словы «дапускацца», «допуск» у прымяненні да пачатковага моманту аказання адвакатам дапамогі грамадзяніну па матэрыялах і крымінальнай справе.

Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, пры літаральным вытлумачэнні палажэнняў часткі 4 артыкула 44, пункта 5 часткі 1 артыкула 48 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса правапрымяняльнік можа прыйсці да вываду, што аказанне юрыдычнай дапамогі адвакатам магчыма толькі пасля атрымання адпаведнага пісьмовага або вуснага дазволу аб допуску адваката да матэрыялаў або крымінальнай справы, гэта значыць аб дазвольным характары аказання грамадзяніну юрыдычнай дапамогі адвакатам.

Вызначэнне працэсуальных умоў аказання юрыдычнай дапамогі з боку адвакатаў праз дазвольны механізм іх допуску да матэрыялаў і крымінальных спраў не дазваляе грамадзяніну ў поўнай меры рэалізаваць сваё права на атрыманне ад адваката юрыдычнай дапамогі ў любы момант, а таксама стварае перашкоды адвакату ў належным і аператыўным выкананні сваіх прафесійных функцый, звязаных з аказаннем кваліфікаванай юрыдычнай дапамогі, як гэта ўстаноўлена Канстытуцыяй, Законам «Об адвокатуре и адвокатской деятельности в Республике Беларусь», агульнымі палажэннямі крымінальна-працэсуальнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь і нормамі міжнароднага права.

Такое выкладанне норм крымінальна-працэсуальнага закона сведчыць аб прававой нявызначанасці палажэнняў часткі 4 артыкула 44 і пункта 5 часткі 1 артыкула 48 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, якія прадугледжваюць допуск абаронцы да ўдзелу ў вядзенні па матэрыялах і крымінальнай справе, паколькі рэалізацыя гэтых норм не выключае ажыццяўлення органам крымінальнага праследавання адвольных дзеянняў, якія могуць абмяжоўваць атрыманне бесперашкоднай і своечасовай юрыдычнай дапамогі ў крымінальным працэсе.

Канстытуцыйны Суд указаў на тое, што прававая рэгламентацыя, пры якой магчымасць карыстацца дапамогай адваката залежыць ад меркавання іншых асоб, не забяспечвае паўнаты рэалізацыі канстытуцыйнага палажэння аб праве кожнага на атрыманне юрыдычнай дапамогі (артыкул 62 Канстытуцыі), не дазваляе зацікаўленым асобам належным чынам абараняць свае правы і свабоды, не садзейнічае своечасовасці і эфектыўнасці аднаўлення парушаных правоў, у сувязі з чым у Крымінальна-працэсуальным кодэксе павінен быць замацаваны механізм бесперашкоднага і своечасовага ўступлення адваката (пры выкананні ўмоў, прадугледжаных часткай 4 артыкула 44, пунктамі 1–6 часткі 1 артыкула 87 названага Кодэкса, і наяўнасці ў яго пасведчання адваката і ордэра на права ўдзелу ў вядзенні па крымінальнай справе) у крымінальны працэс на любой яго стадыі, які выключае меркаванне органаў крымінальнага праследавання.

Грунтуючыся на палажэннях частак першай і другой артыкула 7, частак першай і другой артыкула 59 Канстытуцыі, Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным устараніць нявызначанасць прававога рэгулявання рэалізацыі канстытуцыйнага права кожнага на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод, у тым ліку права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў, у частцы бесперашкоднага і своечасовага ўступлення адваката ў крымінальны працэс на любой яго стадыі шляхам унясення заканадаўцам адпаведных змяненняў і (або) дапаўненняў у нормы Крымінальна-працэсуальнага кодэкса.

3. У рашэнні ад 11 ліпеня 2017 г. «О гарантии реализации права на защиту некоторых категорий физических лиц в административном процессе» Канстытуцыйны Суд, зыходзячы з палажэнняў часткі першай артыкула 2, частак першай і другой артыкула 7, частак першай і трэцяй артыкула 21, частак першай і другой артыкула 59 Канстытуцыі, прыйшоў да вываду, што ўстаноўленае Працэсуальна-выканаўчым кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях прававое рэгуляванне не гарантуе рэалізацыю права на абарону фізічных асоб у сувязі з адсутнасцю ў дадзеным Кодэксе палажэнняў аб абавязковым удзеле абаронцы ў вядзенні па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні ў выпадку, калі асоба, якая прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасці, у сілу фізічных або псіхічных недахопаў не можа самастойна ажыццяўляць права на абарону, што не дазваляе такой фізічнай асобе належным чынам абараніць свае правы і законныя інтарэсы, не садзейнічае своечасовасці і эфектыўнасці аднаўлення парушаных правоў, у сувязі з чым прызнаў неабходным устараніць прабел у заканадаўчым рэгуляванні, які мае канстытуцыйна-прававое значэнне, шляхам унясення адпаведных змяненняў і (або) дапаўненняў у названы Кодэкс.

Такім чынам, ажыццяўляючы паўнамоцтвы прымаць рашэнні аб устараненні ў нарматыўных прававых актах прабелаў, выключэнні ў іх калізій і прававой нявызначанасці, Канстытуцыйны Суд у мэтах рэалізацыі канстытуцыйных прынцыпаў вяршэнства права і роўнасці ўсіх перад законам, гарантавання канстытуцыйных правоў і свабод кожнага, забеспячэння адназначнага разумення і аднастайнага прымянення прававых норм у адрасаваных заканадаўцу прававых пазіцыях прызнаваў неабходным устараненне ў нарматыўных прававых актах прабелаў прававога рэгулявання, у тым ліку выяўленых правапрымяняльнай практыкай.

Канстытуцыйны Суд арыентаваў заканадаўца і іншыя нарматворчыя органы на недапушчэнне аслаблення канстытуцыйных гарантый правоў і свабод чалавека па прычыне наяўнасці ў нарматыўных прававых актах прабелаў і іншых дэфектаў прававога рэгулявання.

IV

Адным з важнейшых паказчыкаў канстытуцыяналізму з’яўляецца своечасовае выкананне заключэнняў і рашэнняў Канстытуцыйнага Суда. Канстытуцыйны Суд адзначае, што дзяржаўныя органы належным чынам выконваюць заключэнні і рашэнні Канстытуцыйнага Суда, а таксама ўлічваюць у сваёй дзейнасці змешчаныя ў іх прававыя пазіцыі.

1. У 2017 годзе выканана Заключэнне Канстытуцыйнага Суда ад 12 чэрвеня 2014 г. «О соответствии Конституции Республики Беларусь пункта 7 части 1 статьи 29 и пункта 1 части 1 статьи 303 Уголовно-процессуального кодекса Республики Беларусь», прынятае ў адпаведнасці з часткамі першай і чацвёртай артыкула 116 Канстытуцыі на падставе прапановы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Названым Заключэннем Канстытуцыйнага Суда палажэнні пункта 7 часткі 1 артыкула 29, часткі 1 артыкула 250, часткі 1 артыкула 279 і пункта 1 часткі 1 артыкула 303 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, якія вызначаюць, што крымінальная справа ў адносінах да памерлага не можа быць ўзбуджана, а па ўзбуджанай справе падлягаюць спыненню папярэдняе расследаванне і вядзенне па крымінальнай справе пры назначэнні суддзёй судовага пасяджэння, а таксама ў судовым пасяджэнні, акрамя выпадкаў, калі вядзенне па крымінальнай справе неабходна для рэабілітацыі памерлага, былі прызнаны не адпаведнымі частцы першай артыкула 25, артыкулам 26, 28 і 60 Канстытуцыі ў той меры, у якой гэтыя заканадаўчыя палажэнні дазваляюць органу, які вядзе крымінальны працэс, у выпадку смерці падазронага або абвінавачванага адмовіць ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, а па ўзбуджанай справе спыніць вядзенне без згоды яго блізкіх сваякоў.

Заключэнне выканана шляхам прыняцця Закона Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2017 года «О внесении изменений и дополнений в Уголовный и Уголовно-процессуальный кодексы Республики Беларусь», нормамі якога ўдакладнены парадак вядзення па матэрыялах і крымінальнай справе ў выпадку смерці падазронага, абвінавачванага, асобы, якая падлягала прыцягненню ў якасці абвінавачванага; вызначаны прававы статус прадстаўнікоў памерлага падазронага, абвінавачванага, асобы, якая падлягала прыцягненню ў якасці падазронага, абвінавачванага, у якасці ўдзельнікаў крымінальнага працэсу шляхам замацавання ў Крымінальна-працэсуальным кодэксе адпаведнага паняцця і рэгламентацыі правоў і абавязкаў названых удзельнікаў працэсу; устаноўлены асаблівасці вядзення па матэрыялах і крымінальнай справе ў выпадку смерці падазронага, абвінавачванага, асобы, якая падлягала прыцягненню ў якасці падазронага, абвінавачванага, у тым ліку пры вядзенні папярэдняга расследавання, разглядзе пракурорам матэрыялаў крымінальнай справы ў адносінах да памерлага абвінавачванага, ажыццяўленні судовага разбору ў адносінах да такой асобы.

2. Выкананы рашэнні Канстытуцыйнага Суда аб устараненні ў нарматыўных прававых актах прабелаў, выключэнні ў іх калізій і прававой нявызначанасці, прынятыя на падставе абзаца восьмага часткі трэцяй артыкула 22 Кодэкса аб судаўладкаванні і статусе суддзяў.

2.1. У рашэнні ад 2 ліпеня 2015 г. «О праве граждан, выступающих свидетелями в уголовном процессе, на юридическую помощь» Канстытуцыйны Суд указаў, што замацаванае ў частцы першай артыкула 62 Канстытуцыі права кожнага на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод, у тым ліку права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў, з’яўляецца адным з важнейшых прынцыпаў дэмакратычнай прававой дзяржавы, пацвярджае прыхільнасць Рэспублікі Беларусь да агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права ў галіне адпраўлення правасуддзя, што датычацца асоб, якія абвінавачваюцца ў крымінальным злачынстве (пункт 2 артыкула 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах 1966 года), а таксама карэспандуе міжнародным рэкамендацыйным актам, згодна з якімі сфера дзеяння права на кваліфікаваную юрыдычную дапамогу распаўсюджваецца і на іншых удзельнікаў крымінальнага працэсу, у тым ліку сведак.

Адсутнасць у Крымінальна-працэсуальным кодэксе нормы, што замацоўвае абавязак органа, які вядзе крымінальны працэс, дапусціць адваката да ўдзелу ў крымінальным працэсе ў якасці прадстаўніка сведкі, на практыцы не дазваляе ў належнай меры рэалізаваць гарантаванае Канстытуцыяй права на юрыдычную дапамогу, у тым ліку пры правядзенні следчых і іншых працэсуальных дзеянняў з удзелам сведкі, што ўказвае на наяўнасць у крымінальна-працэсуальным законе прабелу, які мае канстытуцыйна-прававое значэнне.

У мэтах забеспячэння прынцыпу вяршэнства права, рэалізацыі канстытуцыйнага права кожнага на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод, уключаючы права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў, Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным устараненне заканадаўцам у Крымінальна-працэсуальным кодэксе прабелу ў прававым рэгуляванні рэалізацыі права грамадзян, якія выступаюць сведкамі ў крымінальным працэсе, на кваліфікаваную юрыдычную дапамогу.

Рашэнне Канстытуцыйнага Суда выканана прыняццем Закона Рэспублікі Беларусь ад 8 студзеня 2018 года «О внесении дополнений в Уголовно-процессуальный кодекс Республики Беларусь», што прадугледжвае дапаўненне крымінальна-працэсуальнага закона нормамі, якія ўстанаўліваюць права сведкі запрашаць адваката для атрымання юрыдычнай дапамогі пры правядзенні працэсуальных дзеянняў з яго ўдзелам і вызначаюць правы і абавязкі адваката сведкі пры вядзенні па крымінальнай справе (частка 3 артыкула 60, часткі 1 і 3 артыкула 601 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса).

2.2. У рашэнні ад 25 мая 2016 г. «О правовом регулировании приостановления деятельности юридических лиц и индивидуальных предпринимателей» Канстытуцыйны Суд адзначыў, што для павышэння ўзроўню абароны правоў і свабод грамадзян у сферы праваадносін, звязаных з адміністрацыйнай адказнасцю, заканадаўчыя механізмы ў гэтай сферы павінны адпавядаць вынікаючаму з артыкулаў 21, 22, 23 і 60 Канстытуцыі абавязку дзяржавы ў поўнай меры забяспечваць ажыццяўленне права на судовую абарону, якая павінна быць справядлівай, кампетэнтнай і эфектыўнай. У мэтах выканання канстытуцыйных прынцыпаў вяршэнства права і законнасці, роўнасці ўсіх перад законам Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным устараніць прававую нявызначанасць у канстытуцыйна-прававым рэгуляванні прыпынення дзейнасці юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў.

Прававая пазіцыя, сфармуляваная Канстытуцыйным Судом у названым рашэнні, рэалізавана ў нормах Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 кастрычніка 2017 г. № 376 «О мерах по совершенствованию контрольной (надзорной) деятельности», якімі выключана магчымасць вынясення кантралюючым (наглядным) органам патрабавання (прадпісання) аб прыпыненні (забароне) дзейнасці суб’екта гаспадарання. Нароўні з гэтым кантралюючыя (наглядныя) органы надзелены правам вынясення (накіравання) прапановы аб прыпыненні (забароне) дзейнасці суб’екта гаспадарання, што носіць рэкамендацыйны характар, а таксама ўведзены выключна судовы парадак прыняцця абавязковага для выканання рашэння аб прыпыненні (забароне) дзейнасці: такое рашэнне можа прымацца судом у дачыненні да суб’екта гаспадарання, які не прыняў прапановы кантралюючага (нагляднага) органа аб прыпыненні (забароне) дзейнасці, па заяве апошняга.

3. Заканадаўцам рэалізаваны шэраг прававых пазіцый, сфармуляваных Канстытуцыйным Судом пры праверцы канстытуцыйнасці законаў у парадку ажыццяўлення абавязковага папярэдняга кантролю ў адпаведнасці з абзацам другім часткі трэцяй артыкула 22 Кодэкса аб судаўладкаванні і статусе суддзяў.

3.1. У рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 24 чэрвеня 2011 г. «О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам правового положения иностранных граждан и лиц без гражданства в Республике Беларусь» звернута ўвага заканадаўца на прававую нявызначанасць палажэнняў артыкула 7 Закона Рэспублікі Беларусь «Об основах государственного социального страхования» з улікам унесеных у яго змяненняў, якая выражалася ў неадназначнасці разумення тэрміна «грамадзяне». Канстытуцыйны Суд указаў, што такая нявызначанасць можа пацягнуць супярэчлівую правапрымяняльную практыку, звязаную з адвольным распаўсюджваннем або нераспаўсюджваннем палажэнняў гэтага артыкула на замежных грамадзян і асоб без грамадзянства.

Дадзеная прававая пазіцыя рэалізавана ў Законе Рэспублікі Беларусь ад 9 студзеня 2017 года «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь», у адпаведнасці з якім у Законе «Об основах государственного социального страхования» вызначана, што калі не ўстаноўлена іншае, то пад тэрмінам «грамадзяне» у гэтым Законе разумеюцца грамадзяне Рэспублікі Беларусь, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства.

3.2. У рашэнні ад 23 снежня 2011 г. Канстытуцыйным Судом звернута ўвага на прававую нявызначанасць норм Закона «Об адвокатуре и адвокатской деятельности в Республике Беларусь» у частцы рэгламентацыі спынення адвакацкай дзейнасці. У дадзеным Законе ўстаноўлена, што для пачатку ажыццяўлення адвакацкай дзейнасці неабходны абавязковыя ўмовы: атрыманне адпаведнай ліцэнзіі і ўступленне ў члены тэрытарыяльнай калегіі адвакатаў (артыкул 11), тады як спыненне адвакацкай дзейнасці магчыма толькі на падставе рашэння Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь аб спыненні або ануляванні дзеяння ліцэнзіі (артыкул 13).

Указаны дэфект прававога рэгулявання ўстаранёны ў выніку прыняцця Закона Рэспублікі Беларусь ад 11 ліпеня 2017 года «О внесении изменений и дополнений в Закон Республики Беларусь «Об адвокатуре и адвокатской деятельности в Республике Беларусь», у адпаведнасці з якім пункт 1 артыкула 13 Закона «Об адвокатуре и адвокатской деятельности в Республике Беларусь» дапоўнены палажэннем, што прадугледжвае спыненне адвакацкай дзейнасці таксама ў сувязі з выключэннем з тэрытарыяльнай калегіі адвакатаў.

3.3. У рашэнні ад 27 снежня 2016 г. «О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь» Канстытуцыйны Суд, адзначыўшы аб’ектыўны характар неабходнасці карэкціроўкі заканадаўчага рэгулявання пенсіённага забеспячэння ў частцы павелічэння стажу работы з выплатай абавязковых страхавых узносаў у бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь (далей – фонд), прызнаў, што пры далейшым удасканальванні заканадаўчага рэгулявання ў галіне пенсіённага забеспячэння заканадаўцу належыць скарэкціраваць прававы механізм абароны права асобных катэгорый грамадзян, якія выконвалі(юць) сацыяльна значныя для грамадства і дзяржавы дзейнасць або функцыі, на атрыманне працоўнай пенсіі шляхам заліку пэўных перыядаў такой дзейнасці або функцыі ў стаж работы з выплатай абавязковых страхавых узносаў у бюджэт фонду або ўстанавіць іншы парадак уліку такіх фактараў пры рэалізацыі імі права на пенсіённае забеспячэнне. Гэта датычыцца перш за ўсё асоб, у якіх важкую частку складаюць перыяды дзейнасці, што ўключаюцца ў адпаведнасці з часткай другой артыкула 51 Закона «О пенсионном обеспечении» у стаж работы нароўні з працоўнай і іншай дзейнасцю, але не ўключаюцца ў стаж работы з выплатай абавязковых страхавых узносаў у бюджэт фонду (перыяды ваеннай службы, водпуску па доглядзе за дзецьмі да дасягнення імі ўзросту трох гадоў і інш.).

Прававая пазіцыя Канстытуцыйнага Суда ўлічана ў Законе Рэспублікі Беларусь ад 8 студзеня 2018 года «О внесении дополнений и изменения в Закон Республики Беларусь «О пенсионном обеспечении», згодна з якім правам на працоўную пенсію па ўзросце са зніжэннем тэрміну выплаты абавязковых страхавых узносаў надзяляюцца асобы, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту, не маюць неабходнага ў адпаведнасці з абзацам другім часткі першай артыкула 5 Закона «О пенсионном обеспечении» стажу работы з выплатай абавязковых страхавых узносаў у бюджэт фонду: мужчыны – пры стажы работы не менш як 40 гадоў; жанчыны – пры стажы работы не менш як 35 гадоў; асобы, якія праходзілі ваенную службу (службу ў ваенізаваных арганізацыях), – мужчыны пры стажы работы не менш як 25 гадоў і жанчыны пры стажы работы не менш як 20 гадоў, уключаючы не менш як 10 каляндарных гадоў ваеннай службы (службы ў ваенізаваных арганізацыях), і адсутнасці права на пенсію ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «О пенсионном обеспечении военнослужащих, лиц начальствующего и рядового состава органов внутренних дел, Следственного комитета Республики Беларусь, Государственного комитета судебных экспертиз Республики Беларусь, органов и подразделений по чрезвычайным ситуациям и органов финансовых расследований» (артыкул 221 Закона «О пенсионном обеспечении»).

Канстытуцыйны Суд лічыць, што своечасовае і поўнае выкананне яго рашэнняў садзейнічае зацвярджэнню канстытуцыйнай законнасці, падтрыманню высокага ўзроўню даверу грамадзян да правасуддзя і дзейнасці органаў дзяржаўнай улады, сведчыць аб рэалізацыі канстытуцыйных гарантый абароны правоў, свабод і законных інтарэсаў кожнага, што ўяўляе сабой рэальнае праяўленне канстытуцыяналізму як неад’емнай часткі правасвядомасці асобы і прававой культуры грамадства ў цэлым.

1. Канстытуцыйны Суд ажыццяўляў функцыю кантролю за канстытуцыйнасцю нарматыўных прававых актаў у дзяржаве ў мэтах зацвярджэння сучаснага канстытуцыяналізму, забеспячэння рэжыму канстытуцыйнай законнасці ў нарматворчасці і правапрымяненні.

У 2017 годзе Канстытуцыйным Судом правераны 31 закон, прыняты Палатай прадстаўнікоў і адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу, да падпісання Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Па выніках ажыццяўлення абавязковага папярэдняга кантролю правераныя законы ў цэлым прызнаны адпаведнымі Канстытуцыі. Пры гэтым адзначана, што палажэнні законаў накіраваны на рэалізацыю і развіццё прынцыпаў і норм Канстытуцыі, выпрацоўку дзейсных прававых механізмаў рэалізацыі і абароны правоў і свабод грамадзян.

Разам з тым выяўлены некаторыя дэфекты канстытуцыйна-прававога рэгулявання, якія выражаюцца ў невыкананні ў поўнай меры прынцыпаў прававой пэўнасці і прапарцыянальнасці, у сувязі з чым указана на неабходнасць устаранення прабелаў, выключэння калізій і прававой нявызначанасці пры далейшым удасканальванні заканадаўчага рэгулявання.

2. У сучасным канстытуцыяналізме праламляюцца аб’ектыўныя, гістарычна абумоўленыя нацыянальныя, палітычныя, сацыяльныя і культурныя асаблівасці развіцця, духоўна-маральныя традыцыі народа. Сістэма каштоўнасцей, якія складаюць абавязковыя элементы канстытуцыяналізму, знаходзіць легітымнае нарматыўнае замацаванне ў Канстытуцыі і рэалізуецца праз прававое рэгуляванне грамадскіх адносін.

Канстытуцыяналізацыя права забяспечваецца заканадаўствам, заснаваным на вяршэнстве Канстытуцыі як вызначальным фактары гарманічнага і трывалага развіцця грамадства і дзяржавы.

Канстытуцыйны Суд лічыць, што пры ажыццяўленні прававога рэгулявання грамадскіх адносін ад нарматворчых органаў патрабуюцца паслядоўная і сістэмная рэалізацыя і развіццё канстытуцыйных прынцыпаў і каштоўнасцей у мэтах легітымнасці і сацыяльнай прымальнасці нарматыўных прававых актаў.

Для аб’ектыўнай ацэнкі ўзроўню рэалізацыі і развіцця канстытуцыйных прынцыпаў і каштоўнасцей у заканадаўстве і правапрымяненні неабходны фарміраванне і ўкараненне эфектыўнай сістэмы ўсёабдымнага канстытуцыйнага маніторынгу.

3. Неабходнай умовай павышэння якасці прымаемых законаў і эфектыўнасці змешчаных у іх норм з’яўляецца актывізацыя ролі навукі ў заканатворчасці.

Паскарэнне і інтэнсіфікацыя ўсіх працэсаў ва ўмовах сучаснага інфармацыйнага грамадства і фарміравання лічбавай эканомікі патрабуюць ад заканадаўца аператыўнага рэагавання на патрэбнасці грамадскага развіцця з улікам папярэдняй ацэнкі вынікаў прыняцця нарматыўных прававых актаў і аналізу прагназуемых рэзультатаў іх дзеяння.

Для забеспячэння канстытуцыйна-прававой бяспекі, прадказальнасці заканадаўчага рэгулявання неабходна дзейснае навуковае нарматворчае прагназаванне.

У гэтых мэтах патрабуецца падрыхтоўка навукова абгрунтаваных канцэптуальных метадалагічных асноў доўгатэрміновага прагназавання эфектыўнасці заканадаўства і яго здольнасці забяспечваць паступальнае і мэтанакіраванае вырашэнне эканамічных, сацыяльных і іншых актуальных праблем грамадскага развіцця.

4. Для ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця ва ўмовах глабалізацыі і дынамізму інтэграцыйных працэсаў неабходны сучасныя падыходы да фарміравання заканадаўчага рэгулявання ў сферы эканомікі.

Пры гэтым патрабуюцца забеспячэнне прававой пэўнасці, стабільнасці і прадказальнасці заканадаўства ў сферы грамадзянскага абароту, ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці, стварэнне неабходных умоў для эфектыўнай абароны права ўласнасці і іншых маёмасных правоў на аснове канстытуцыйных каштоўнасцей, дасягнення балансу інтарэсаў асобы, грамадства і дзяржавы.

Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу заканадаўца на неабходнасць развіцця ў нацыянальнай прававой сістэме карпаратыўнага права і іншых інстытутаў міжнароднага прыватнага права, якія створаць сучасную аснову рэгулявання прадпрымальніцкай, інвестыцыйнай і інавацыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь.

5. У сучасных умовах рознавектарнага і мнагаслойнага прававога рэгулявання, складанага ўзаемадзеяння міжнароднага, наднацыянальнага і нацыянальнага права намаганні заканадаўца павінны быць накіраваны на своечасовае і эфектыўнае апасродкаванне нацыянальным правам інтэграцыйных працэсаў. Для забеспячэння ясных суадносін розных прававых парадкаў і нацыянальнага заканадаўства неабходна выпрацоўка адпаведных прававых механізмаў і працэдур.

Актыўны ўдзел нацыянальнага парламента ў нарматворчым працэсе ў рамках інтэграцыйных утварэнняў зыходзячы з прынцыпаў субсідыярнасці і прапарцыянальнасці павінен з’яўляцца дзейсным механізмам забеспячэння легітымнасці рашэнняў інтэграцыйных органаў і балансу нацыянальных і наднацыянальных інтарэсаў.

Пры гэтым Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу, што пры фарміраванні наднацыянальнага права належыць зыходзіць з вяршэнства Канстытуцыі, фундаментальных канстытуцыйных асноў беларускай дзяржавы, якія абумоўліваюць канстытуцыйную ідэнтычнасць.

6. Сацыяльны канстытуцыяналізм грунтуецца на канстытуцыйных мэтах і прыярытэтах у ажыццяўленні сацыяльна-эканамічнай палітыкі дзяржавы, сутнасць якой вызначаюць прынцыпы сацыяльнай справядлівасці, сацыяльнай абароненасці і сацыяльнай салідарнасці.

З канстытуцыйнага прынцыпу сацыяльнай дзяржавы вынікае абавязак дзяржавы забяспечваць рост дабрабыту грамадзян, ствараць умовы для паляпшэння іх жыцця, задавальнення матэрыяльных і духоўных патрэбнасцей, садзейнічаць развіццю іх эканамічнай актыўнасці, пераадоленню ўтрыманскіх настрояў у сацыяльнай сферы.

Пры гэтым Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу заканадаўца на неабходнасць прытрымлівання належнага балансу сацыяльна-эканамічных правоў грамадзян і іх адказнасці за выкананне канстытуцыйных абавязкаў, устанаўлення прававых механізмаў, здольных забяспечваць сацыяльную абарону грамадзян зыходзячы з сацыяльна-эканамічных фактараў развіцця Рэспублікі Беларусь.

7. Якасны канстытуцыйна-прававы стан грамадства і дзяржавы вызначаецца ўзроўнем канстытуцыйнай культуры, якая знаходзіць праяўленне ў прыняцці законаў і іншых нарматыўных прававых актаў у строгай адпаведнасці з Канстытуцыяй, захаванні агульнапрызнаных прынцыпаў і стандартаў у галіне правоў чалавека, абумоўлівае канстытуцыяналізацыю правасвядомасці.

Канстытуцыйны Суд лічыць неабходным паслядоўнае і мэтанакіраванае фарміраванне канстытуцыйна арыентаванай правасвядомасці грамадзян, юрыстаў, службовых асоб дзяржавы, у аснове якой павінна знаходзіцца глыбока асэнсаванае ўспрыманне фундаментальных каштоўнасцей і прынцыпаў Канстытуцыі як Асноўнага Закона краіны, што выражае волю беларускага народа.

Развіццё канстытуцыяналізму на сучасным этапе накіравана на павышэнне ўзроўню канстытуцыйнай дэмакратыі і ролі грамадзяніна як актыўнага ўдзельніка канстытуцыйных адносін, зацвярджэнне Рэспублікі Беларусь дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавай.

Гэта Пасланне прынята на пасяджэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь 23 студзеня 2018 г.

Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага
Суда Рэспублікі Беларусь                                                                                                          П.П.Міклашэвіч

Версiя для друку