EngРусБел
Навіны
 
Архіў:  

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь 14 лютага 2018 г. прыняў рашэнне «Аб прававым рэгуляванні вылічэння тэрміну прад’яўлення выканаўчага дакумента да выканання» (суддзя-дакладчык Козырава Л.Р.)

Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом у адпаведнасці з часткамі другой і чацвёртай артыкула 158 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб канстытуцыйным судаводстве» па пытанні прававога рэгулявання вылічэння тэрміну прад’яўлення выканаўчага дакумента да выканання.

Законам Рэспублікі Беларусь «Аб выканаўчым вядзенні» (далей – Закон) вызначаны ўмовы і парадак вядзення выканаўчага вядзення па выканаўчых дакументах.

Закон устанаўлiвае трохгадовы тэрмін для прад’яўлення да выканання выканаўчых дакументаў, якія выдадзены на падставе судовых пастаноў або з’яўляюцца судовымі пастановамі (частка першая артыкула 34). Законам вызначаны выпадкі, калі ўказаны тэрмін перапыняецца (напрыклад, пры ўзбуджэнні выканаўчага вядзення); пасля перапынку цячэнне тэрміну прад’яўлення выканаўчага дакумента да выканання пачынаецца ізноў, пры гэтым мінулы час не залічваецца ў новы тэрмін (часткі першая і другая артыкула 35).

Падставай для ўзбуджэння выканаўчага вядзення з’яўляецца ў тым ліку прад’яўленне спагнаннікам у орган прымусовага выканання адпаведнай заявы аб узбуджэнні і выканаўчага дакумента (частка першая артыкула 42 Закона). Пры гэтым пры падачы спагнаннікам заявы аб вяртанні выканаўчага дакумента выканаўчае вядзенне заканчваецца; вяртанне выканаўчага дакумента спагнанніку не перашкаджае паўторнаму прад’яўленню гэтага выканаўчага дакумента да выканання ў межах устаноўленага тэрміну, цячэнне якога пачынаецца нанава (артыкулы 53 і 55 Закона).

Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, палажэннi Закона, якія прадугледжваюць магчымасць неаднаразовага перапынення тэрміну прад’яўлення выканаўчага дакумента да выканання ў выпадку падачы спагнаннікам заявы аб вяртанні выканаўчага дакумента і паўторнага прад’яўлення ім гэтага выканаўчага дакумента да выканання, дапускаюць магчымасць неаднаразовага прадаўжэння ўказанага тэрміну, што вядзе да няпэўнага па працягласці фактычнага вывядзення маёмасці даўжніка са сферы грамадзянскага абароту і абмежавання яго права ўласнасці на дадзеную маёмасць.

Указанае сведчыць аб наяўнасці прававой нявызначанасці заканадаўчага рэгулявання грамадскіх адносiн у сферы выканаўчага вядзення, якая мае канстытуцыйна-прававое значэнне, паколькі не забяспечваецца вяршэнства норм Канстытуцыі, якія гарантуюць правы ўласніка маёмасці, роўную судовую абарону правоў спагнанніка і даўжніка, прыняцце неабходных мер па належным выкананні судовых рашэнняў як элемента судовай абароны і стварэннi для гэтага неабходных умоў.

Улічваючы выкладзенае, Канстытуцыйны Суд у мэтах выканання канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права і рэалізацыі прынцыпу прававой пэўнасці прызнаў неабходным устараніць нявызначанасць у канстытуцыйна-прававым рэгуляванні перапынку тэрміну прад’яўлення выканаўчага дакумента да выканання ў выпадку прад’яўлення да выканання выканаўчага дакумента, раней вернутага спагнанніку па яго заяве.

Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь прапанавана падрыхтаваць праект закона аб унясенні адпаведных змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб выканаўчым вядзенні» і ўнесці яго ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Версiя для друку