EngРусБел
Навіны
 
Архіў:  

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь 11 ліпеня 2018 г. прыняў рашэнне «Аб праве і парадку абскарджання ў суд асуджанымі да абмежавання свабоды, папраўчых работ і іншых відаў пакарання прымененых да іх мер спагнання» (суддзя-дакладчык Данілюк С.Я.)

У рашэнні прызнана неабходным у мэтах рэалізацыі канстытуцыйнага права кожнага на судовую абарону, забеспячэння вяршэнства права і прававой пэўнасці ў дзеючым прававым рэгуляванні ўнесці ў Крымінальна-выканаўчы і Грамадзянскі працэсуальны кодэксы Рэспублікі Беларусь змяненні, якія ўстанаўліваюць права на абскарджанне ў суд у парадку грамадзянскага судаводства асуджанымі да абмежавання свабоды, папраўчых работ і іншых відаў пакарання прымененых да іх мер спагнання.

Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом у адпаведнасці з часткамі першай і чацвёртай артыкула 158 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб канстытуцыйным судаводстве» на падставе звароту, які паступіў ад грамадзянкі Садоўскай В.П., аб забеспячэнні канстытуцыйнага права на судовую абарону шляхам вызначэння ў заканадаўстве права і парадку абскарджання ў суд асуджанымі да абмежавання свабоды прымененых да іх мер спагнання за парушэнне парадку і ўмоў адбывання пакарання.

Згодна з Канстытуцыяй кожнаму гарантуецца абарона яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны (частка першая артыкула 60).

Асноўныя абавязкі і правы асуджаных замацаваны ў артыкулах 9 і 10 Крымінальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – КВК). У выпадку невыканання асуджаным ускладзеных на яго абавязкаў да яго могуць быць прыменены меры спагнання, а таксама аб'яўлена афіцыйнае папярэджанне (частка 4 артыкула 9 КВК).

Пры гэтым у КВК і Грамадзянскім працэсуальным кодэксе Рэспублікі Беларусь (далей – ГПК) замацаваны права і парадак абскарджання ў суд асуджанымі да арышту, пазбаўлення свабоды і пажыццёвага заключэння прымененых да іх мер спагнання (частка 14 артыкула 61 і частка 11 артыкула 113 КВК, параграф 61 главы 29 ГПК). Аднак у адносінах да асуджаных да папраўчых работ, абмежавання свабоды і іншых відаў пакарання права на абскарджанне ў суд рашэння службовай асобы аб накладанні мер спагнання не прадугледжана.

Канстытуцыйны Суд у рашэнні адзначыў, што ўстаноўленае ў КВК прававое рэгуляванне разгляду скаргаў на дзеянні адміністрацыі органаў і ўстаноў, якія выконваюць пакаранне і іншыя меры крымінальнай адказнасці, не забяспечвае поўную і эфектыўную судовую абарону правоў асуджаных.

Зніжэнне ўзроўню гарантый судовай абароны асоб, асуджаных у тым ліку да папраўчых работ, абмежавання свабоды і іншых відаў пакарання, правы і законныя інтарэсы якіх, па іх меркаванні, парушаюцца рашэннямі службовых асоб органаў і ўстаноў, што выконваюць пакаранне і іншыя меры крымінальнай адказнасці, у параўнанні з асуджанымі, права якіх на аспрэчванне такіх рашэнняў вызначана ў заканадаўчым парадку, нельга прызнаць справядлівым і адпаведным палажэнням артыкула 22 Канстытуцыі, якія гарантуюць роўнасць усіх перад законам і права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў.

Канстытуцыйны Суд у мэтах рэалізацыі канстытуцыйнага права кожнага на судовую абарону, забеспячэння вяршэнства права і прававой пэўнасці ў дзеючым прававым рэгуляванні прызнаў неабходным унесці ў Крымінальна-выканаўчы і Грамадзянскі працэсуальны кодэксы Рэспублікі Беларусь змяненні, якія ўстанаўліваюць права на абскарджанне ў суд у парадку грамадзянскага судаводства асуджанымі да абмежавання свабоды, папраўчых работ і іншых відаў пакарання прымененых да іх мер спагнання.

Версiя для друку