EngРусБел
Навіны
 
Архіў:  

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь 26 верасня 2018 г. прыняў рашэнне «Аб заканадаўчым рэгуляванні забеспячэння адвакацкай тайны ў крымінальным працэсе» (суддзя-дакладчык Варановіч Т.В.)

 

Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом у адпаведнасці з часткамі першай і чацвёртай артыкула 158 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб канстытуцыйным судаводстве» на падставе паступіўшага звароту Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў. У звароце ўказваецца, што дзеючым заканадаўчым рэгуляваннем не забяспечваецца ў поўнай меры адвакацкая тайна ў крымінальным працэсе, паколькі нормы крымінальна-працэсуальнага заканадаўства не прадугледжваюць асаблівасцей правядзення агляду, вобыску і выемкі ў памяшканнях адвакацкіх утварэнняў і калегій адвакатаў, праверак і адабрання матэрыялаў з адвакацкіх вядзенняў па справе (дасье), а таксама не змяшчаюць забароны на допыт абаронцы па пытаннях, якія састаўляюць адвакацкую тайну.

Згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь кожны мае права на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод, у тым ліку права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў і іншых сваіх прадстаўнікоў у судзе, іншых дзяржаўных органах, органах мясцовага кіравання, на прадпрыемствах, ва ўстановах, у арганізацыях, грамадскіх аб’яднаннях і ў адносінах са службовымі асобамі і грамадзянамі; у выпадках, прадугледжаных законам, юрыдычная дапамога аказваецца за кошт дзяржаўных сродкаў (частка першая артыкула 62).

Палажэнні, якія забяспечваюць і абараняюць адвакацкую тайну ў сувязі з рэалізацыяй адвакатамі сваіх паўнамоцтваў, у тым ліку ў крымінальным працэсе, вызначаны ў Законе Рэспублікі Беларусь «Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь».

Аднак нормы Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, якія вызначаюць падставы і парадак правядзення агляду, вобыску і выемкі (артыкулы 203, 204, 208–210), не прадугледжваюць асаблівасцей правядзення гэтых следчых дзеянняў у памяшканнях адвакацкіх утварэнняў і калегій адвакатаў у мэтах забеспячэння адвакацкай тайны і рэалізацыі гарантый яе абароны, устаноўленых Законам «Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь».

Канстытуцыйны Суд лічыць, што дзеючае заканадаўчае рэгуляванне ў частцы забеспячэння і абароны адвакацкай тайны пры правядзенні некаторых следчых дзеянняў (агляду, вобыску і выемкі) сведчыць аб наяўнасці ў Крымінальна-працэсуальным кодэксе прававога прабелу, якi ў працэсе прымянення можа прыводзіць да парушэння канстытуцыйных правоў, у тым ліку замацаваных у артыкулах 28 і 62 Канстытуцыі. Для забеспячэння выканання патрабаванняў Канстытуцыі і міжнародна-прававых актаў і ліквідацыі прававога прабелу ў дзеючым прававым рэгуляванні заканадаўцу неабходна ўстанавіць у крымінальна-працэсуальным законе дадатковыя гарантыі, якія выключаюць у ходзе правядзення агляду, вобыску і выемкі, пры якіх маецца на ўвазе доступ да матэрыялаў адвакацкіх вядзенняў (дасье), магчымасць атрымання органамі, якія ажыццяўляюць крымінальнае праследаванне, звестак, якія састаўляюць ахоўваемую законам адвакацкую тайну.

У мэтах забеспячэння вяршэнства права, рэалізацыі канстытуцыйнага права кожнага на юрыдычную дапамогу і ўстанаўлення дадатковых гарантый забеспячэння адвакацкай тайны Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным унесці ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь змяненнi, якія ўстанаўліваюць асаблівасці вытворчасці агляду, вобыску і выемкі ў адносінах да адваката.

Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь прапанавана падрыхтаваць праект закона аб унясенні змяненняў у Крымінальна-працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь і ўнесці яго ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Версiя для друку