Загрузка...

logo
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь
Меню
Аб самым маладым дзяржаўным свяце – з маладым пакаленнем: Старшыня Канстытуцыйнага Суда С.М.Сівец і суддзі Канстытуцыйнага Суда сустрэліся са студэнтамі ўстаноў вышэйшай адукацыі

Напярэдадні Дня народнага адзінства суддзі Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь у рамках Адзінага дня інфармавання правялі серыю дыялогавых пляцовак са студэнтамі ўстаноў вышэйшай адукацыі краіны. У прыватнасці, Старшыня Канстытуцыйнага Суда паразмаўляў з тымі, хто заўтра будзе ўмацоўваць эканоміку краіны і развіваць бізнес – студэнтамі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. А намеснік Старшыні Н.А.Карповіч сустрэлася з прадстаўнікамі будучай інжынерна-тэхнічнай інтэлігенцыі – студэнтамі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта.

У Беларускім дзяржаўным універсітэце замежных моў і Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў са студэнцкай аўдыторыяй сустрэліся суддзі Канстытуцыйнага Суда А.В.Сямашка і С.А.Любецкая.

Галоўнай тэмай сустрэч з моладдзю стала асэнсаванне гістарычнага значэння падзей 17 верасня 1939 г., стваральнага патэнцыялу беларускай нацыі, а таксама ролі маладога пакалення ў захаванні суверэнітэту і росквіце сучаснай Беларусі.

Старшыня Канстытуцыйнага Суда падкрэсліў, што Дзень народнага адзінства, заснаваны ў 2021 годзе, хоць і маладое дзяржаўнае свята, але яно не выпадкова стаіць у адным шэрагу з такімі дзяржаўнымі святамі, як Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, Дзень Перамогі, паколькі з ім звязваецца наша дзяржаўнасць, яе зараджэнне і яднанне народа.

С.М.Сівец адзначыў значэнне права народа Беларусі на самавызначэнне, права жыць на сваёй зямлі і самастойна вырашаць свой лёс, а таксама складаны гістарычны шлях да іх увасаблення – «беларусы не проста заслужылі жыць адзіным народам на сваёй зямлі, а выпакутавалі гэтае права шляхам шматлікіх ахвяр, зламаных лёсаў».

У сувязі з гэтым акцэнтавана ўвага на важнасці ўсведамлення маладым пакаленнем гістарычных этапаў станаўлення беларускай нацыі, цяжкіх выпрабаванняў на шляху да нашай свабоды і рэалізацыі права жыць на сваёй зямлі.

Падводзячы вынікі сустрэч, суддзі Канстытуцыйнага Суда заклікалі студэнтаў шанаваць і памнажаць дасягненні папярэднікаў, уносіць свой уклад у развіццё і росквіт роднай Беларусі.