30 студзеня 2025 г. № Р-1306/2025
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Карповіч Н.А., суддзяў Бодак А.М., Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Козыравай Л.Р., Любецкай С.А., Рабцава В.М., Рабцава Л.М., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.,
з удзелам:
паўнамоцнага прадстаўніка Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйным Судзе – старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве Лянчэўскай М.А.;
паўнамоцнага прадстаўніка Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйным Судзе – першага намесніка Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь Філіпавай Н.М.,
кіруючыся часткай пятай артыкула 1161 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, пунктам 3 артыкула 11, артыкуламі 54, 55, 69, 70, 161 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб канстытуцыйным судаводстве»,
разгледзеў у судовым пасяджэнні справу аб канстытуцыйнасці артыкула 12.4 Працэсуальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Падставай да разгляду справы Канстытуцыйным Судом з’явіўся зварот грамадзяніна Гніцэвіча Антона Аляксандравіча ў выглядзе канстытуцыйнай скаргі, якая адпавядае патрабаванням, устаноўленым Законам «Аб канстытуцыйным судаводстве». Вядзенне справы ўзбуджана вызначэннем Канстытуцыйнага Суда ад 17 снежня 2024 г. у адпаведнасці з артыкулам 34 названага Закона.
Заслухаўшы ў судовым пасяджэнні суддзю-дакладчыка Чыгрынава С.П., паўнамоцных прадстаўнікоў дзяржаўных органаў у Канстытуцыйным Судзе, даследаваўшы дакументы і іншыя матэрыялы справы, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь
устанавіў:
1. У Канстытуцыйны Суд звярнуўся грамадзянін Гніцэвіч А.А. зканстытуцыйнай скаргай аб праверцы канстытуцыйнасці артыкула 12.4 «Злучэнне спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях» Працэсуальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (далей – ПВКаАП), які, на яго думку, падлягаў прымяненню пры прыцягненні заяўніка да адміністрацыйнай адказнасці.
У адпаведнасці з артыкулам 12.4 ПВКаАП у адным адміністрацыйным працэсе могуць быць злучаны справы аб некалькіх адміністрацыйных правапарушэннях, учыненых адной асобай, калі яны падведамныя аднаму і таму ж суду, органу, які вядзе адміністрацыйны працэс (пункт 1 часткі 1); аб злучэнні спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях суд, орган, што вядзе адміністрацыйны працэс, у якіх знаходзіцца адна з разглядаемых спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях, выносяць пастанову (частка 2); тэрмін разгляду злучаных спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях вылічваецца з дня атрымання суддзёй, службовай асобай органа, што вядзе адміністрацыйны працэс, справы аб адміністрацыйным правапарушэнні, якая паступіла па часе першай (частка 3).
З матэрыялаў справы вынікае, што 3 снежня 2023 г. грамадзянін Гніцэвіч А.А., кіруючы легкавым аўтамабілем і рухаючыся па тэрыторыі Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці, дапусціў сутыкненне са стаячым аўтамабілем і прычыніў апошняму механічныя пашкоджанні. Пасля гэтага заяўнік пакінуў месца дарожна-транспартнага здарэння (далей – ДТЗ), не паведаміўшы пра гэта органам унутраных спраў. Супрацоўнікі дарожна-патрульнай службы АДАІ Камянецкага РАУС даставілі А.А.Гніцэвіча ў раённую бальніцу на агляд, па выніках якога ў заяўніка была ўстаноўлена сярэдняя ступень алкагольнага ап’янення.
Трыма пастановамі аб накладанні адміністрацыйнага спагнання начальніка АДАІ Камянецкага РАУС ад 15 снежня 2023 г. А.А.Гніцэвіч прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці:
за парушэнне правіл дарожнага руху, што пацягнула стварэнне аварыйнай абстаноўкі (частка 12 артыкула 18.13 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (далей – КаАП));
за ўжыванне кіроўцам алкагольных напояў пасля здзяйснення ДТЗ да праходжання праверкі (агляду) на прадмет вызначэння стану алкагольнага ап’янення (частка 4 артыкула 18.15 КаАП);
за пакіданне кіроўцам месца ДТЗ (частка 2 артыкула 18.16 КаАП)
і сумарна падвергнуты адміністрацыйным спагнанням у выглядзе штрафу ў памеры 245 базавых велічынь з пазбаўленнем права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі, тэрмінам на сем гадоў.
Пастановамі суддзі суда Камянецкага раёна ад 26 лютага 2024 г. па скаргах заяўніка пастановы начальніка АДАІ Камянецкага РАУС пакінуты без змены, а скаргі – без задавальнення. Згодна з рашэннямі старшыні Брэсцкага абласнога суда (лісты ад 23 мая 2024 г.) падстаў для адмены рашэнняў па справах А.А.Гніцэвіча не знойдзена. Рашэннямі намесніка Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь (лісты ад 26 жніўня 2024 г.) заяўніку адмоўлена ў задавальненні скаргаў.
2. Грамадзянін Гніцэвіч А.А. лічыць, што начальнік АДАІ Камянецкага РАУС абавязаны быў злучыць тры справы аб учыненых ім адміністрацыйных правапарушэннях у адным адміністрацыйным працэсе. Аднак заяўніку ў гэтым было адмоўлена, паколькі згодна з артыкулам 12.4 ПВКаАП злучэнне спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях у адным адміністрацыйным працэсе з’яўляецца правам, а не абавязкам правапрымяняльнага органа.
А.А.Гніцэвіч мяркуе, што разгляд спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях, якія вынікаюць з аднаго ДТЗ, па-за сувяззю дадзеных спраў адна з адной супярэчыць артыкулу 7.4 КаАП, які змяшчае правілы накладання адміністрацыйнага спагнання пры ўчыненні некалькіх адміністрацыйных правапарушэнняў.
Так, у частцы 1 артыкула 7.4 КаАП вызначана, што пры ўчыненні двух або больш адміністрацыйных правапарушэнняў, якія ўтвараюць сукупнасць, справы па якіх адначасова разглядаюцца адным і тым жа судом або органам, які вядзе адміністрацыйны працэс, асноўнае і дадатковыя адміністрацыйныя спагнанні накладаюцца за кожнае ўчыненае адміністрацыйнае правапарушэнне асобна; пры гэтым суд, орган, які вядзе адміністрацыйны працэс, наклаўшы асноўнае або асноўнае і дадатковыя адміністрацыйныя спагнанні асобна за кожнае адміністрацыйнае правапарушэнне, канчаткова вызначаюць адміністрацыйнае спагнанне за ўчыненыя адміністрацыйныя правапарушэнні шляхам поўнага або частковага складання такім чынам, каб яно не перавышала ў дачыненні да: штрафу, які вылічваецца ў базавых велічынях і накладаецца на фізічную асобу за правапарушэнні супраць бяспекі руху і эксплуатацыі транспарту, – двухсот базавых велічынь; пазбаўлення права займацца пэўнай дзейнасцю – пяці гадоў (пункты 1 і 4).
Фактычна, за ўчыненыя адміністрацыйныя правапарушэнні заяўнік сумарна па трох пастановах нясе адміністрацыйную адказнасць у памеры, які перавышае межы спагнанняў, устаноўленыя пунктамі 1 і 4 часткі 1 артыкула 7.4 КаАП, у выглядзе штрафу – на 45 базавых велічынь, у выглядзе пазбаўлення права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі, – на два гады. А.А.Гніцэвіч мяркуе, што рашэнні, прынятыя па справах аб учыненых ім адміністрацыйных правапарушэннях, супярэчаць артыкулам 7, 21 і 22 Канстытуцыі.
3. Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях ад 6 студзеня 2021 г. № 92-З прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 18 снежня 2020 г., ухвалены Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 18 снежня 2020 г. і ўступіў у сілу 1 сакавіка 2021 г.
Канстытуцыйнасць норм дадзенага Кодэкса з’яўлялася прадметам разгляду Канстытуцыйнага Суда ў парадку абавязковага папярэдняга канстытуцыйнага кантролю. Згодна з рашэннем Канстытуцыйнага Суда ад 28 снежня 2020 г. № Р-1248/2020 ПВКаАП прызнаны адпаведным Канстытуцыі.
У рашэнні адзначана, што прыняцце ПВКаАП абумоўлена неабходнасцю забеспячэння найбольш поўнага прававога рэгулявання парадку адміністрацыйнага працэсу з мэтай гарантавання абароны жыцця, здароўя, правоў, свабод і законных інтарэсаў фізічных асоб, інтарэсаў грамадства і дзяржавы, правоў і законных інтарэсаў юрыдычных асоб шляхам своечасовага, усебаковага, поўнага і аб’ектыўнага разгляду спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях, іх вырашэння ў адпаведнасці з законам, забеспячэння выканання вынесеных па справах пастаноў, а таксама папярэджання (прафілактыкі) адміністрацыйных правапарушэнняў.
Згодна з артыкуламі 55 і 161 Закона «Аб канстытуцыйным судаводстве» Канстытуцыйны Суд пры праверцы канстытуцыйнасці закона, прымененага ў канкрэтнай справе, па канстытуцыйнай скарзе мае на ўвазе як літаральны сэнс прававых норм, так і сэнс, які надаецца ім практыкай прымянення.
Такім чынам, заканадаўчыя прадпісанні не перашкаджаюць Канстытуцыйнаму Суду ажыццяўляць праверку канстытуцыйнасці акта, які раней прайшоў праверку ў парадку абавязковага папярэдняга (абстрактнага) канстытуцыйнага кантролю, улічваючы практыку яго прымянення ў канкрэтных прававых сітуацыях.
4. У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспубліка Беларусь з’яўляецца сацыяльнай прававой дзяржавай, у якой забяспечваюцца законнасць і правапарадак (часткі першая і трэцяя артыкула 1); чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы (частка першая артыкула 2); у Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца прынцып вяршэнства права; дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы, арганізацыі і грамадзяне дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства (часткі першая і трэцяя артыкула 7); дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы (частка чацвёртая артыкула 21); усе роўныя перад законам і маюць права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў (артыкул 22).
У мэтах забеспячэння законнасці і правапарадку ў дзяржаве ўстанаўліваецца адміністрацыйная адказнасць, якая забяспечвае абарону жыцця, здароўя, правоў, свабод і законных інтарэсаў фізічных асоб, інтарэсаў грамадства і дзяржавы, правоў і законных інтарэсаў юрыдычных асоб, а таксама папярэджанне адміністрацыйных правапарушэнняў.
Дзейнічаючы ў рамках сваіх паўнамоцтваў па прыняцці законаў аб асноўным змесце і прынцыпах ажыццяўлення правоў, свабод і абавязкаў грамадзян (пункт 2 часткі першай артыкула 97, пункт 1 часткі першай артыкула 98 Канстытуцыі), заканадаўца ў КаАП устанаўлівае канкрэтныя проціпраўныя дзеянні, здзяйсненне якіх цягне прымяненне мер адміністрацыйнай адказнасці, умовы яе наступу; віды адміністрацыйных спагнанняў, правілы іх накладання; а ў ПВКаАП вызначае прававую працэдуру вядзення адміністрацыйнага працэсу і рэгулюе прымяненне прафілактычных мер уздзеяння і выканання пастаноў аб накладанні адміністрацыйных спагнанняў.
Прыведзеныя канстытуцыйныя палажэнні ва ўзаемасувязі з прынцыпамі справядлівасці, прапарцыянальнасці і прававой вызначанасці абумоўліваюць неабходнасць прыцягнення асоб да адказнасці на аснове забеспячэння балансу правоў і свабод правапарушальнікаў і публічнага інтарэсу, які ўключае абарону правоў, свабод і інтарэсаў асобы, грамадства і дзяржавы ад проціпраўных замахаў. Правапрымяняльнікі, рэалізуючы меры адміністрацыйнай адказнасці, павінны ўлічваць суразмернасць наступстваў для правапарушальніка той шкодзе, што нанесена проціпраўным дзеяннем, каб не дапушчаць залішняга дзяржаўнага прымусу.
5. Парадак злучэння спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях, рэгламентаваны артыкулам 12.4 ПВКаАП, дазваляе выключыць дубляванне адных і тых жа працэсуальных дзеянняў па адміністрацыйных справах у ходзе адміністрацыйнага працэсу па факце ўчынення некалькіх правапарушэнняў адной асобай, што спрыяе працэсуальнай і матэрыяльнай эканоміі, своечасоваму, усебаковаму, поўнаму і аб’ектыўнаму даследаванню ўсіх акалічнасцей учынення адміністрацыйных правапарушэнняў, якія падлягаюць устанаўленню, і перш за ўсё віны асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс.
У частцы 3 артыкула 2.4 КаАП устаноўлена катэгорыя сукупнасці адміністрацыйных правапарушэнняў, якой прызнаецца ўчыненне двух або больш правапарушэнняў, прадугледжаных рознымі артыкуламі або часткамі артыкула (калі артыкул складаецца з частак) Асаблівай часткі КаАП, ні за адно з якіх фізічная або юрыдычная асоба не была прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці.
Заканадаўчае вызначэнне сукупнасці адміністрацыйных правапарушэнняў ахоплівае як ідэальную сукупнасць, якая прадугледжвае адначасовае ўчыненне некалькіх адміністрацыйных правапарушэнняў, так і рэальную сукупнасць, якая заключаецца ў розначасовым учыненні адміністрацыйных правапарушэнняў. Пры гэтым сукупнасць правапарушэнняў як факт аб’ектыўнай рэальнасці не залежыць ад суб’ектыўнага меркавання ўдзельнікаў адміністрацыйнага працэсу. Абавязкам правапрымяняльніка з’яўляецца яе дакладная ацэнка і працэсуальная фіксацыя, паколькі сукупнасць адміністрацыйных правапарушэнняў непасрэдна ўплывае на накладанне адміністрацыйнага спагнання ў адпаведнасці з правіламі, усталяванымі ў частцы 1 артыкула 7.4 КаАП.
Палажэнне часткі 1 артыкула 12.4 ПВКаАП, згодна з якім у адным адміністрацыйным працэсе могуць быць злучаны справы аб адміністрацыйных правапарушэннях, падразумявае меркаванне правапрымяняльніка, але не выключае злучэння ў адным адміністрацыйным працэсе спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях, учыненых адной асобай, калі яны падведамныя аднаму і таму ж суду, органу, які вядзе адміністрацыйны працэс.
Канстытуцыйны Суд лічыць, што супярэчнасць паміж нормай часткі 1 артыкула 12.4 ПВКаАП і палажэннямі Канстытуцыі адсутнічае, паколькі існуе магчымасць з улікам канкрэтных акалічнасцей, сыходзячы з прынцыпаў справядлівасці і разумнасці прыняць адпаведнае рашэнне.
Пры гэтым Канстытуцыйны Суд адзначае, што заканадаўца не звязвае правілы накладання адміністрацыйнага спагнання, прадугледжаныя ў артыкуле 7.4 КаАП, непасрэдна са злучэннем спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях у адным адміністрацыйным працэсе. У той жа час, згодна з часткай 1 указанага артыкула суд, орган, які вядзе адміністрацыйны працэс, наклаўшы асноўнае або асноўнае і дадатковыя адміністрацыйныя спагнанні асобна за кожнае адміністрацыйнае правапарушэнне, канчаткова вызначаюць адміністрацыйнае спагнанне за ўчыненыя адміністрацыйныя правапарушэнні шляхам поўнага або частковага складання. Такім чынам, вызначэнне канчатковага адміністрацыйнага спагнання прадугледжвае канкрэтную працэсуальную форму, якая забяспечвае яго накладанне. Кіруючыся юрыдычнай логікай, такой формай і павінна з’яўляцца злучэнне некалькіх спраў у адным адміністрацыйным працэсе, што адпавядае прынцыпу прававога рэгулявання, згодна з якім рэалізацыя норм матэрыяльнага права павінна забяспечвацца адпаведнымі нормамі працэсуальнага права.
Такім чынам, палажэнні артыкула 7.4 КаАП і артыкулы 12.4 ПВКаАП знаходзяцца ў сістэмнай узаемасувязі. Разам з тым адсутнасць ясных і недвухсэнсавых заканадаўчых фармулёвак аб узаемазвязанасці палажэнняў названых артыкулаў не забяспечвае разгляд спраў аб некалькіх адміністрацыйных правапарушэннях, якія ўтвараюць сукупнасць, з улікам патрабаванняў артыкула 7.4 КаАП.
Зазначанае сведчыць аб наяўнасці ў прававым рэгуляванні канстытуцыйна значнага прабелу, які пацягнуў прававую нявызначанасць узаемазвязаных палажэнняў артыкула 12.4 ПВКаАП і артыкула 7.4 КаАП, паколькі ў сістэме дзеючага заканадаўства яны не забяспечваюць прававую вызначанасць пры накладанні адміністрацыйных спагнанняў за ўчыненне адміністрацыйных правапарушэнняў, якія ўтвараюць сукупнасць.
Выдаленне выяўленага прабелу ў прававым рэгуляванні мае канстытуцыйнае значэнне і патрабуе адпаведных мер прававога рэагавання. Заканадаўцу належыць выдаліць дадзены прабел, які выклікаў прававую нявызначанасць узаемазвязаных палажэнняў артыкула 12.4 ПВКаАП і артыкула 7.4 КаАП, з улікам прававых пазіцый Канстытуцыйнага Суда, выкладзеных у гэтым рашэнні.
На падставе выкладзенага, кіруючыся часткай пятай артыкула 1161 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкулам 83, пунктамі 1 і 2 артыкула 162 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб канстытуцыйным судаводстве», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь
ВЫРАШЫЎ:
1. Прызнаць артыкул 12.4 Працэсуальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях у частцы ўстанаўлення магчымасці злучэння ў адным адміністрацыйным працэсе спраў аб некалькіх адміністрацыйных правапарушэннях, учыненых адной асобай, калі яны падведамныя аднаму і таму ж суду, органу, які вядзе адміністрацыйны працэс, адпаведным Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
2. Зыходзячы з прынцыпу вяршэнства права прызнаць наяўнасць канстытуцыйна значнага прабелу ў прававым рэгуляванні, які выклікаў прававую нявызначанасць узаемазвязаных палажэнняў артыкула 12.4 Працэсуальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях і артыкула 7.4 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, паколькі ў сістэме дзеючага заканадаўства яны не забяспечваюць прававую вызначанасць пры накладанні адміністрацыйных спагнанняў за здзяйсненне некалькіх адміністрацыйных правапарушэнняў, якія ўтвараюць сукупнасць.
Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь належыць выдаліць выяўлены прабел у прававым рэгуляванні з улікам прававых пазіцый Канстытуцыйнага Суда, выкладзеных у гэтым рашэнні.
Правапрымяняльнікам да ўнясення адпаведных змяненняў у заканадаўчыя акты пры накладанні адміністрацыйных спагнанняў за здзяйсненне некалькіх адміністрацыйных правапарушэнняў, якія ўтвараюць сукупнасць, неабходна забяспечыць захаванне прынцыпаў справядлівасці і разумнасці.
3. Рашэнне з’яўляецца канчатковым, абскарджанню і апратэставанню не падлягае.
4. Рашэнне ўступае ў законную сілу з дня яго прыняцця і падлягае афіцыйнаму апублікаванню ў адпаведнасці з законам.
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь П.П.Міклашэвіч