Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
12 верасня 2025 г. № Р-1310/2025
Аб канстытуцыйнасці падпункта 14.5 пункта 14 артыкула 73-1 Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь па скарзе грамадзянкі Абалонскай Таццяны Уладзіміраўны

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Карповіч Н.А., суддзяў Бодак А.М., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Козыравай Л.Р., Любецкай С.А., Рабцава В.М., Рабцава Л.М., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.,

з удзелам бакоў:

заяўніцы Абалонскай Т.У.,

прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь:

ад Палаты прадстаўнікоў – Куляшовай Н.М., члена Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па бюджэце і фінансах,

ад Савета Рэспублікі – Татарыновіча У.В., старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па эканоміцы, бюджэце і фінансах;

а таксама з удзелам:

паўнамоцнага прадстаўніка Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйным Судзе – Лянчэўскай М.А., старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве,

паўнамоцнага прадстаўніка Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйным Судзе – Філіпавай Н.М., першага намесніка Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь;

прадстаўнікоў іншых дзяржаўных органаў:

Алешчанкі А.В., намесніка Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь,

Скрыннікава І.В., намесніка Міністра па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь,

кіруючыся часткай пятай артыкула 1161 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, пунктамі 3 і 5 артыкула 11, артыкуламі 54, 55, 68–71, 161 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб канстытуцыйным судаводстве»,

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу аб канстытуцыйнасці падпункта 14.5 пункта 14 артыкула 731 Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Падставай да разгляду справы Канстытуцыйным Судом з’явіўся зварот грамадзянкі Абалонскай Таццяны Уладзіміраўны ў выглядзе канстытуцыйнай скаргі, якая адпавядае патрабаванням, устаноўленым Законам «Аб канстытуцыйным судаводстве».

Заслухаўшы ў судовым пасяджэнні суддзю-дакладчыка Рабцава В.М., прадстаўнікоў бакоў, паўнамоцных прадстаўнікоў дзяржаўных органаў у Канстытуцыйным Судзе, прадстаўнікоў іншых дзяржаўных органаў, даследаваўшы дакументы і іншыя матэрыялы справы, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь 

устанавіў: 

1. У канстытуцыйнай скарзе грамадзянка Абалонская Т.У. просіць прызнаць не адпаведным Канстытуцыі падпункт 14.5 пункта 14 артыкула 731 «Камеральная праверка адпаведнасці расходаў даходам фізічнай асобы» Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь (Агульная частка) (далей – Падатковы кодэкс), які вызначыў парадак уліку расходаў на будаўніцтва аб’ектаў нерухомасці, у тым ліку жылых дамоў, якое ажыццяўляецца фізічнай асобай без прыцягнення забудоўшчыка або падрадчыка, для мэт падатковага кантролю.

Нормы, якія абскарджваюцца, уведзены Законам Рэспублікі Беларусь ад 31 снежня 2021 г. № 141-З «Аб змяненні законаў па пытаннях падаткаабкладання» (далей – Закон № 141-З) і ўступілі ў сілу з 1 студзеня 2022 г.

Згодна з падпунктам 14.5 пункта 14 артыкула 731 Падатковага кодэкса ў рэдакцыі названага Закона:

расходы на будаўніцтва капітальных пабудоў (будынкаў, збудаванняў), ізаляваных памяшканняў, машына-месцаў, якое ажыццяўляецца фізічнай асобай без прыцягнення забудоўшчыка або падрадчыка (далей – аб’екты нерухомасці), улічваюцца ў памеры кошту будаўніцтва такіх аб’ектаў нерухомасці, адзначанага ў каштарыснай дакументацыі або акце прыёмкі ў эксплуатацыю фінансаваных фізічнымі асобамі скончаных узвядзеннем аднакватэрных, блакіраваных жылых дамоў і (або) нежылых капітальных пабудоў на прысядзібнай тэрыторыі, рэканструяваных жылых і (або) нежылых памяшканняў у блакіраваных жылых дамах, аднакватэрных жылых дамоў, а таксама нежылых капітальных пабудоў на прыдамавой тэрыторыі пятага класа складанасці, зацверджаным мясцовым выканаўчым і распарадчым органам (далей – акт прыёмкі ў эксплуатацыю) (частка першая);

калі кошт будаўніцтва аб’ектаў нерухомасці, зазначаны ў каштарыснай дакументацыі, адрозніваецца ад такога кошту, адзначанага ў акце прыёмкі ў эксплуатацыю, то ў якасці расходаў на будаўніцтва аб’ектаў нерухомасці падатковым органам прымаецца найменшы кошт (частка другая);

пры адсутнасці каштарыснай дакументацыі, акта прыёмкі ў эксплуатацыю расходы на будаўніцтва аб’ектаў нерухомасці ўлічваюцца падатковым органам у наступных памерах:

у межах кошту будаўніцтва аб’ектаў нерухомасці, зазначанага правяраемай фізічнай асобай у заяве, прад’яўленай падатковаму агенту або падатковаму органу паводле часткі сёмай падпункта 1.1 пункта 1 артыкула 211 Падатковага кодэкса, але не менш сум фактычна панесеных расходаў на такое будаўніцтва, у дачыненні да якіх такой фізічнай асобай, а таксама яго мужам (жонкай), іншымі членамі яе сям’і атрыманы маёмасны падатковы вылік, – для фізічных асоб, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і атрымліваюць маёмасны падатковы вылік па падаходным падатку з фізічных асоб у парадку, устаноўленым падпунктам 1.1 пункта 1 артыкула 211 Падатковага кодэкса (абзац другой часткі трэцяй);

у памеры, вызначаным фізічнай асобай самастойна, але не менш за 70 працэнтаў кошту, вызначанага падатковым органам для мэт падліку падатку на нерухомасць на 1 студзеня года, у якім аб’ект нерухомасці ўпершыню прызнаны аб’ектам падаткаабкладання падаткам на нерухомасць, – для іншых фізічных асоб, не ўказаных у абзацы другім дадзенай часткі (абзац трэці часткі трэцяй);

у выпадку нязгоды з памерам расходаў на будаўніцтва аб’ектаў нерухомасці, вызначаным у парадку, устаноўленым часткамі першай – трэцяй дадзенага падпункта, фізічная асоба можа прад’явіць заключэнне аб ацэнцы, вызначанай на момант прыняцця ацэньваемага аб’екта нерухомасці ў эксплуатацыю з выкарыстаннем рынкавых метадаў ацэнкі будынкаў і збудаванняў, выдадзенае юрыдычнай асобай або індывідуальным прадпрымальнікам, якія ажыццяўляюць ацэначную дзейнасць (частка чацвёртая).

З матэрыялаў справы вынікае, што Т.У.Абалонская збудавала аднакватэрны жылы дом без прыцягнення забудоўшчыка або падрадчыка, з  выкарыстаннем ільготнага крэдыту, дадзенага ёй у 2011–2013 гадах у памеры 48 499,50 беларускага рубля з улікам дэнамінацыі. Жылы дом уведзены ў эксплуатацыю ў 2019 годзе.

У дачыненні да заяўніцы інспекцыяй Міністэрства па падатках і зборах па Маладзечанскім раёне праведзена камеральная праверка адпаведнасці расходаў даходам фізічнай асобы за перыяд з 1 студзеня 2011 г. па 31 сакавіка 2023 г., у рамках якой падатковым органам прыняты пад увагу ў тым ліку расходы Т.У.Абалонскай на будаўніцтва жылога дома, вызначаныя на падставе падпункта 14.5 пункта 14 артыкула 731 Падатковага кодэкса. З прычыны ўстаноўленага перавышэння расходаў над даходамі Т.У.Абалонскай і зыходзячы з сумы перавышэння (49 085,34 беларускага рубля, з іх 45 787,88 беларускага рубля – расходы на будаўніцтва) падатковым органам у дачыненні да заяўніцы вылічаны падаходны падатак з фізічных асоб у памеры 12 762,19 беларускага рубля, які падлягае выплаце ў бюджэт.

26 верасня 2023 г. рашэнне інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Маладзечанскім раёне ад 29 жніўня 2023 г. № 59 па акце камеральнай праверкі абскарджана Т.У.Абалонскай у суд Маладзечанскага раёна. Рашэннем названага суда ад 25 кастрычніка 2023 г., заснаваным у тым ліку на палажэннях артыкула  731 Падатковага кодэкса, уключаючы падпункт 14.5 пункта 14, заяўніцы адмоўлена ў задавальненні скаргі. Вышэйстаячай судовай інстанцыяй дадзенае рашэнне пакінута без змены. Пададзеныя Т.У.Абалонскай у Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь і Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь скаргі ў парадку нагляду пакінуты без задавальнення. Тым самым заяўніцай да падачы канстытуцыйнай скаргі вычарпаны ўсе іншыя сродкі судовай абароны канстытуцыйных правоў і свабод пры вырашэнні грамадзянскай справы.

На думку Т.В.Абалонскай, палажэнні падпункта 14.5 пункта 14 артыкула  731 Падатковага кодэкса не адпавядаюць Канстытуцыі, яе артыкулу 2, часткам першай – чацвёртай артыкула 7, часткам другой – чацвёртай артыкула  13, часткам першай і чацвёртай артыкула 21, артыкулу 22, артыкулу  58 і частке пятай артыкула 104, паколькі:

дапускаюць рознае падаткаабкладанне даходаў адной і той жа катэгорыі плацельшчыкаў – фізічных асоб, якія ажыццяўляюць будаўніцтва жылых памяшканняў з дзяржаўнай падтрымкай без прыцягнення забудоўшчыка або падрадчыка, у залежнасці ад атрыманых і накіраваных на будаўніцтва крэдытных сродкаў і наяўнасці дакументацыі аб кошце будаўніцтва, чым парушаюць прынцып роўнасці падаткаабкладання і ўскладаюць на плацельшчыкаў, якія пабудавалі жылыя дамы з выкарыстаннем ільготнага крэдыту ў беларускіх рублях і маюць каштарысную дакументацыю і акт прыёмкі, неабгрунтаваны падатковы цяжар;

дапускаюць прымяненне са зваротнай сілай нормаў падатковага заканадаўства, паводле якіх прававое становішча заяўніцы як плацельшчыка падаткаў пагоршылася па прычыне павелічэння падатковай базы падаходнага падатку з фізічных асоб па выніках камеральнай праверкі адпаведнасці расходаў даходам фізічнай асобы за кошт уліку расходаў на будаўніцтва жылога дома ў памеры кошту будаўніцтва, адзначанага ў акце прыёмкі дома ў эксплуатацыю або вызначанага ў заключэнні аб ацэнцы аб’екта нерухомасці на момант прыняцця яго ў эксплуатацыю з выкарыстаннем рынкавых метадаў ацэнкі, – замест уліку фактычна панесеных фізічнай асобай расходаў, як яны вызначаліся раней паводле дзеючага да 1 студзеня 2022 г. Законам Рэспублікі Беларусь ад 4 студзеня 2003 г. № 174-З «Аб дэклараванні фізічнымі асобамі даходаў і маёмасці па патрабаванні падатковых органаў» (далей – Закон аб дэклараванні).

Т.У.Абалонская бачыць парушэнне сваіх правоў таксама ў тым, што ў артыкуле 731 Падатковага кодэкса адсутнічае механізм індэксацыі даходаў фізічнай асобы, атрыманых у перыяд будаўніцтва аб’екта нерухомасці і накіраваных на яго будаўніцтва, што пры правядзенні камеральнай праверкі адпаведнасці расходаў даходам заяўніцы абумовіла перавышэнне яе расходаў, улічаных за перыяд з 1 студзеня 2011 г. па 31 сакавіка 2023 г. пераважна ў выглядзе расходаў на будаўніцтва і вызначаных на момант прыняцця жылога дома ў эксплуатацыю ў 2019 годзе, над даходамі – атрыманай заяўніцай і накіраванай на будаўніцтва сумай крэдытных сродкаў – нягледзячы на рэальна панесеныя ёю расходы і, адпаведна, прывяло да падвышанага і несправядлівага падаткаабкладання яе даходаў зыходзячы з сумы перавышэння расходаў над даходамі, устаноўленай фармальна, – без уліку часовага разрыву паміж перыядам атрымання даходу на будаўніцтва і момантам прыняцця жылога дома ў эксплуатацыю, безадносна да выгляду і спосабу атрымання даходу (безнаяўнымі крэдытнымі сродкамі), а таксама без уліку інфляцыйных працэсаў і змянення цэн на тавары і паслугі.

Прадстаўнік Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, пярэчачы супраць довадаў Т.У.Абалонскай, паказаў, што сумневаў у канстытуцыйнасці палажэнняў падпункта 14.5 пункта 14 артыкула 731 Падатковага кодэкса ў заканадаўцы не ўзнікла. Абскарджаныя палажэнні носяць працэдурны характар і не ўстанаўліваюць нормаў матэрыяльнага права ў падатковай сферы; дадзеная норма ўзгадняецца з пунктам 7 артыкула 3 Падатковага кодэкса, якім вызначаны парадак прымянення актаў падатковага заканадаўства, якія змяняюць склад альбо памеры падаткаў, збораў (пошлін) і падатковых ільгот, і тым самым не супярэчыць артыкулу 104 Канстытуцыі.

Прадстаўнік Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, не згаджаючыся з довадамі заяўніцы, лічыць, што абскарджаная норма адпавядае Канстытуцыі, паколькі:

довады заяўніцы аб незаконнасці дзеянняў падатковых органаў з’яўляліся прадметам разгляду судовых органаў і органаў пракуратуры, якія адмовілі ёй у задавальненні патрабаванняў;

падчас разгляду справы аб праверцы канстытуцыйнасці закона, прымененага ў канкрэтнай справе, па канстытуцыйнай скарзе Канстытуцыйны Суд не ўваходзіць у абмеркаванне фактычных абставін канкрэтнай справы і не дае ацэнку судовай пастанове па сутнасці справы.

2. У адпаведнасці з Канстытуцыяй у Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца прынцып вяршэнства права; дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы, арганізацыі і грамадзяне дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства (часткі першая і трэцяя артыкула 7); усе роўныя перад законам і маюць права без усялякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў (артыкул 22); дзяржава гарантуе кожнаму права ўласнасці і садзейнічае яе набыццю; уласнасць, набытая законным спосабам, абараняецца дзяржавай (часткі першая і трэцяя артыкула 44).

У адпаведнасці з артыкулам 56 Канстытуцыі грамадзяне Рэспублікі Беларусь абавязаны прымаць удзел у фінансаванні дзяржаўных расходаў шляхам выплаты дзяржаўных падаткаў, пошлін і іншых плацяжоў. Пры гэтым ніхто не можа быць прымушаны да выканання абавязкаў, якія не прадугледжаны Канстытуцыяй і законамі, або да адмовы ад сваіх правоў (артыкул 58).

Зыходзячы з палажэнняў пункта 2 часткі першай артыкула 97 і пункта 1 часткі першай артыкула 98 Канстытуцыі прававое рэгуляванне ў сферы падаткаабкладання адносіцца да кампетэнцыі заканадаўцы, які валодае паўнамоцтвамі ў тым ліку па вызначэнні формаў падатковага кантролю і парадку яго ажыццяўлення.

Грунтуючыся на нормах Канстытуцыі, заканадаўца вызначыў у пункце 1 артыкула 2 Падатковага кодэкса, што падаткаабкладанне ў Рэспубліцы Беларусь засноўваецца на прынцыпах законнасці, абавязковасці і роўнасці падаткаабкладання, прэзумпцыі добрасумленнасці плацельшчыка падаткаў, збораў (пошлін), справядлівасці падаткаабкладання, стабільнасці і галоснасці падатковага заканадаўства, эканамічнай абгрунтаванасці падаткаабкладання. Пры гэтым прынцыпы абавязковасці і роўнасці падаткаабкладання, прэзумпцыя добрасумленнасці плацельшчыка падаткаў, збораў (пошлін) азначаюць, што кожная асоба абавязана выплачваць законна ўстаноўленыя падаткі, зборы (пошліны), па якіх гэта асоба прызнаецца плацельшчыкам; падаткі, зборы (пошліны) не могуць мець дыскрымінацыйны характар і ўстанаўлівацца зыходзячы з расавых, нацыянальных, рэлігійных і іншых крытэрыяў; плацельшчык падаткаў, збораў (пошлін) прызнаецца добрасумленным, пакуль іншае не будзе даказана на падставе дакументальна пацверджаных звестак.

Аналізуючы канстытуцыйна-прававую прыроду падаткаў, разглядаючы іх як неабходную эканамічную аснову дзейнасці дзяржавы ў інтарэсах чалавека і грамадства, Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 27 сакавіка 2025 г. № Р-1307/2025 сфармуляваў наступныя прававыя пазіцыі:

канстытуцыйны абавязак плаціць падаткі мае асаблівы публічна-прававы характар, абумоўлены публічна-прававой прыродай дзяржавы і дзяржаўнай улады; падаткі, пошліны і зборы ўяўляюць сабой неабходную ўмову існавання любой дзяржавы, таму абавязак плаціць іх распаўсюджваецца на ўсіх плацельшчыкаў падаткаў як безумоўнае патрабаванне;

права ўстанаўліваць падаткаабкладанне, якое ў пэўнай меры абмяжоўвае права ўласнасці, выцякае з палажэнняў Канстытуцыі аб рэгуляванні дзяржавай эканамічнай дзейнасці ў інтарэсах чалавека і грамадства, а таксама з адказнасці грамадзяніна перад дзяржавай за няўхільнае выкананне абавязкаў, ускладзеных на яго Канстытуцыяй;

у сілу канстытуцыйных прынцыпаў вяршэнства права і роўнасці ўсіх перад законам, а таксама зыходзячы з часткі першай артыкула 23 Канстытуцыі ва ўзаемасувязі з яе артыкуламі 13 (часткі другая і трэцяя), 21 (часткі першая і чацвёртая), 44 (часткі першая – трэцяя) такое абмежаванне не павінна быць адвольным, парушаць раўнавагу паміж патрабаваннямі інтарэсаў грамадства і дзяржавы і неабходнымі ўмовамі абароны правоў асобы, што прадугледжвае разумную суразмернасць выкарыстаных сродкаў;

рэгуляванне падатковых адносін павінна ажыццяўляцца так, каб не дапускалася наданне зваротнай сілы палажэнням, якія пагаршаюць прававое становішча грамадзян, а таксама каб гарантаваліся правы і свабоды грамадзян у выпадку змены ўмоў іх рэалізацыі;

паводле прынцыпа вяршэнства права заканадаўца абавязаны дзейнічаць у межах Канстытуцыі, якая мае вышэйшую юрыдычную сілу (часткі першая і другая артыкула 7 Канстытуцыі), павінен улічваць канстытуцыйныя каштоўнасці, зыходзіць з канстытуцыйных прынцыпаў і нормаў.

3. Згодна з артыкулам 731 Падатковага кодэкса мэтай камеральнай праверкі адпаведнасці расходаў даходам фізічнай асобы з’яўляецца выяўленне фізічных асоб, расходы якіх перавышаюць даходы, а таксама сум фактычна панесеных расходаў і крыніц іх даходаў (пункт 5); камеральная праверка праводзіцца шляхам супастаўлення сум расходаў і даходаў фізічнай асобы (частка першая пункта 2).

Заканадаўца, валодаючы досыць шырокай дыскрэцыяй у прававым рэгуляванні падатковага кантролю, устанавіў у нормах падпункта 14.5 пункта 14 дадзенага артыкула гнуткі падыход да ўліку расходаў на будаўніцтва аб’ектаў нерухомасці, якое ажыццяўляецца фізічнай асобай без прыцягнення забудоўшчыка або падрадчыка, у памеры кошту будаўніцтва, адзначанага ў каштарыснай дакументацыі, акце прыёмкі ў эксплуатацыю; прадугледзеў варыянт уліку расходаў пры адсутнасці такіх дакументаў; замацаваў права фізічнай асобы прад’явіць заключэнне аб незалежнай ацэнцы рынкавага кошту аб’ектаў нерухомасці ў выпадку нязгоды з памерам расходаў, улічаных падатковым органам. Пры гэтым устаноўлены варыятыўны парадак змяшчае выразныя арыенціры для правапрымянення ў розных сітуацыях, якія ўзнікаюць на практыцы, што дазваляе пазбягаць суб’ектывізму пры прыняцці падатковымі органамі рашэнняў аб уліку расходаў фізічных асоб на будаўніцтва аб’ектаў нерухомасці, абмяжоўваючы меркаванне правапрымяняльніка разумнымі рамкамі.

Такім чынам, зыходзячы з артыкула 2, часткі трэцяй артыкула 7, частак першай і чацвёртай артыкула 21, артыкула 22, часткі шостай артыкула 44, артыкула 56 Канстытуцыі ва ўзаемасувязі з часткай першай артыкула 23 Канстытуцыі вызначэнне парадку ўліку расходаў на будаўніцтва аб’ектаў нерухомасці для мэт падатковага кантролю адпавядае патрабаванням канстытуцыйных прынцыпаў вяршэнства права, роўнасці ўсіх перад законам, справядлівасці, суразмернасці абмежавання правоў; канстытуцыйнаму патрабаванню законнага ўстанаўлення падаткаў; канстытуцыйнаму абавязку грамадзян плаціць дзяржаўныя падаткі, пошліны і іншыя плацяжы; канстытуцыйнай гарантыі не быць прымушаным да выканання абавязкаў, якія не прадугледжаны Канстытуцыяй і законамі.

З улікам выкладзенага Канстытуцыйны Суд лічыць, што падпункт 14.5 пункта 14 артыкула 731 Падатковага кодэкса адпавядае Канстытуцыі, яе артыкулам 7, 22, 23, 44, 56, 58, 97, 98.

4. Адносна пастаўленага Т.У.Абалонскай пытання аб прымяненні абскарджаных нормаў Падатковага кодэкса са зваротнай сілай Канстытуцыйны Суд адзначае наступнае.

Згодна з часткай пятай артыкула 104 Канстытуцыі закон не мае зваротнай сілы, за выключэннем выпадкаў, калі ён змякчае або адмяняе адказнасць грамадзян. Агульным прынцыпам дзеяння закона ў часе з’яўляецца распаўсюджванне яго дзеяння на адносіны, якія ўзнікаюць пасля ўступлення яго ў сілу, і толькі заканадаўца мае права распаўсюдзіць новыя нормы на факты і спароджаныя імі прававыя наступствы, якія ўзніклі да ўступлення адпаведных нормаў у сілу, гэта значыць надаць закону зваротную сілу, аднак такое ўстанаўленне павінна ажыццяўляцца з захаваннем Канстытуцыі.

Законам № 141-З прадугледжана дапаўненне Падатковага кодэкса артыкулам 731, а таксама прызнанне страціўшым сілу Закона аб дэклараванні, паводле артыкула 6 якога кошт капітальных пабудоў, якія знаходзяцца ва ўласнасці фізічных асоб на дату прад’яўлення дэкларацыі аб даходах і маёмасці, паказваўся фізічнымі асобамі пры дэклараванні такой маёмасці ў памеры грашовых сродкаў, накіраваных на іх будаўніцтва.

Згодна з пунктам 1 артыкула 7 Закона № 141-З артыкул 731 Падатковага кодэкса, які ўступіў у сілу з 1 студзеня 2022 г., распаўсюджвае сваё дзеянне на камеральныя праверкі, якія праводзяцца на момант уступлення ў сілу дадзенага Закона, і праверкі, правядзенне якіх пачата пасля 1 студзеня 2022 г., за выключэннем дадатковых праверак у адносінах да праверак, прызначаных да названай даты.

У матэрыялах справы адсутнічае інфармацыя аб тым, што ў дачыненні да заяўніцы праводзілася камеральная праверка ў перыяд да 1 студзеня 2022 г., калі дзейнічаў Закон аб дэклараванні. Камеральная праверка адпаведнасці расходаў даходам Т.У.Абалонскай прызначана пасля ўступлення ў сілу артыкула 731 Падатковага кодэкса і праведзена ў адпаведнасці з замацаваным у ёй парадкам.

Такім чынам, паколькі правы і абавязкі Т.У.Абалонскай у рамках камеральнай праверкі ўзніклі пасля прызнання страціўшым сілу Закона аб дэклараванні, Канстытуцыйны Суд мяркуе, што прымяненне ў разгледжаным выпадку нормаў артыкула 731 Падатковага кодэкса не азначае наданне ім зваротнай сілы.

5. З матэрыялаў справы вынікае, што падатковы орган ажыццявіў супастаўленне расходаў і даходаў заяўніцы пры правядзенні ў дачыненні да яе камеральнай праверкі за перыяд з 1 студзеня 2011 г. па 31 сакавіка 2023 г.

Канстытуцыйны Суд адзначае, што будаўніцтва жылога дома – шматэтапны працэс, які можа займаць значны час, асабліва ў выпадку ажыццяўлення будаўніцтва фізічнай асобай без прыцягнення забудоўшчыка або падрадчыка. Падчас будаўніцтва на даходы і расходы фізічнай асобы могуць уплываць інфляцыйныя працэсы і іх наступствы ў выглядзе росту кошту на тавары і паслугі, у выніку чаго кошт будаўніцтва аб’екта нерухомасці, разлічаны ў розны час (у выпадку заяўніцы – у перыяд атрымання даходу ў выглядзе крэдытных сродкаў у беларускіх рублях і ў момант прыняцця дома ў эксплуатацыю), можа істотна адрознівацца.

Аналіз падатковага заканадаўства ў разгледжанай сітуацыі паказаў, што пры супастаўленні расходаў і даходаў фізічнай асобы ўстаноўлены ў падпункце 14.5 пункта 14 артыкула 731 Падатковага кодэкса парадак уліку расходаў на будаўніцтва аб’ектаў нерухомасці дазваляе актуалізаваць іх на момант прыняцця аб’ектаў у эксплуатацыю, паколькі прадугледжвае пацвярджэнне кошту будаўніцтва ў тым ліку дакументамі, якія складаюцца пасля яго завяршэння.

У даходах Т.У.Абалонскай падатковым органам прынята пад увагу сума крэдытных сродкаў, атрыманых у 2011–2013 гадах і накіраваных на будаўніцтва жылога дома, за кошт якіх былі набыты будаўнічыя матэрыялы. Расходы заяўніцы на будаўніцтва жылога дома першапачаткова ўлічаны падатковым органам у памеры кошту будаўніцтва, вызначанага ў акце прыёмкі аб’екта нерухомасці ў эксплуатацыю ў 2019 годзе (частка першая падпункта 14.5 пункта 14 артыкула 731 Падатковага кодэкса).

Не пагадзіўшыся з дадзеным памерам расходаў, заяўніца рэалізавала права, прадугледжанае часткай чацвёртай падпункта 14.5 пункта 14 артыкула 731 Падатковага кодэкса, і прад’явіла ў падатковы орган заключэнне аб ацэнцы жылога дома, разлічанай на момант прыняцця дома ў эксплуатацыю ў 2019 годзе.

Устанаўленне індэксацыі даходаў фізічных асоб з’яўляецца дыскрэцыяй заканадаўцы, які ў межах сваіх паўнамоцтваў у залежнасці ад мэт прававога рэгулявання мае права вызначыць механізм індэксацыі даходаў, атрыманых грамадзянамі ў беларускіх рублях.

Канстытуцыйны Суд лічыць, што адсутнасць у сістэме дзеючага прававога рэгулявання падатковага кантролю механізма індэксацыі даходаў фізічнай асобы, атрыманых у выглядзе крэдытных сродкаў у беларускіх рублях і накіраваных на будаўніцтва аб’ектаў нерухомасці, не парушае канстытуцыйных правоў заяўніцы.

На падставе выкладзенага, кіруючыся часткай пятай артыкула 1161 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкулам 83, пунктам 1 артыкула 162 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб канстытуцыйным судаводстве», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь 

ВЫРАШЫЎ: 

1. Прызнаць падпункт 14.5 пункта 14 артыкула 731 Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь, які ўстанаўлівае парадак уліку расходаў на будаўніцтва аб’ектаў нерухомасці, у тым ліку жылых дамоў, якое ажыццяўляецца фізічнай асобай без прыцягнення забудоўшчыка або падрадчыка, для мэт падатковага кантролю, адпаведным Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

2. Рашэнне з’яўляецца канчатковым, абскарджанню і апратэставанню не падлягае.

3. Рашэнне ўступае ў законную сілу з дня яго прыняцця і падлягае афіцыйнаму апублікаванню ў адпаведнасці з законам.

Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                                 П.П.Міклашэвіч