Навіны
У Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь адбылося ўрачыстае ўшанаванне суддзі Т.В.Варановіча з нагоды 70-годдзя

17 сакавіка 2026 г. калектыў Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь павіншаваў з 70-годдзем суддзю Тадэуша Валянцінавіча Варановіча.

Адкрываючы ўшанаванне, Старшыня Канстытуцыйнага Суда С.М.Сівец адзначыў, што пасада суддзі прадугледжвае асаблівыя патрабаванні да прафесійных і асабістых якасцей чалавека, якія дазваляюць аддана і старанна служыць ідэалам законнасці і справядлівасці. Менавіта яны, на думку С.М.Сіўца, выступаюць краевугольным каменем і асновай даверу грамадства да судовай галіны ўлады. «Тадэуш Валянцінавіч, які аддаў большую частку свайго жыцця правасуддзю, пакінуў яркі след у развіцці айчыннай сістэмы канстытуцыйнага правасуддзя і прававой сістэмы Беларусі ў цэлым. Людзі такога ўзроўню прафесійнай і грамадзянскай адказнасці павінны як мага даўжэй заставацца на ніве канстытуцыйнага правасуддзя і дзяліцца напрацаваным неацэнным досведам», – падкрэсліў Старшыня Канстытуцыйнага Суда.

У сваім віншаванні намеснік Старшыні Н.А.Карповіч акцэнтавала ўвагу на шматгадовым бездакорным прафесійным шляху, глыбокіх навуковых ведах і мудрасці Т.В.Варановіча, важкім укладзе юбіляра ў станаўленне інстытута канстытуцыйнага кантролю, умацаванне статусу Канстытуцыйнага Суда, фармуляванне значных прававых пазіцый, якія ляжаць у аснове рашэнняў Канстытуцыйнага Суда па найбольш складаных пытаннях прававога рэгулявання.

Калегамі таксама былі адзначаны вялікі патэнцыял Т.В.Варановіча як навукоўца-канстытуцыяналіста, яго асаблівае стаўленне да даследавання актуальных юрыдычных паняццяў і катэгорый і ўзважаны падыход да вырашэння складаных прававых сітуацый.

У адказ юбіляр падзякаваў калегам за цёплыя адносіны, высокую ацэнку яго працы, агульную творчую атмасферу і сумесную плённую працу і выказаў упэўненасць у тым, што канстытуцыйнае правасуддзе знаходзіцца ў надзейных руках.

З пажаданнямі моцнага здароўя, шчасця і адкрыцця новых гарызонтаў Т.В.Варановічу ўручылі Ганаровую грамату Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь і памятныя падарункі.