
У працы дыялогавай пляцоўкі прынялі ўдзел прадстаўнікі Канстытуцыйнага Суда, грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз юрыстаў», вучэбна-практычнай установы «Цэнтр «Медыяцыя і права», Следчага камітэта, Нацыянальнага цэнтра абароны персанальных дадзеных, Гродзенскай абласной калегіі адвакатаў, медыятары з Азербайджана, Казахстана, Кыргызстана, а таксама педагогі і навучэнцы ўстаноў адукацыі г. Мінска.
Мадэратарам дыялогавай пляцоўкі выступіла І.У.Арлоўская, выканаўчы дырэктар грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз юрыстаў», кіраўнік вучэбна-практычнай установы «Цэнтр «Медыяцыя і права».
З прывітальным словам да ўдзельнікаў дыялогавай пляцоўкі звярнуліся суддзя Канстытуцыйнага Суда С.П.Чыгрынаў і намеснік старшыні Міжнароднага саюза юрыстаў К.В.Рэбец (Расійская Федэрацыя).
Са змястоўнымі дакладамі па тэматыцы дыялогавай пляцоўкі выступілі прадстаўнікі рэгіянальнага цэнтра прававой інфармацыі Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь, педагогі і навучэнцы ўстаноў адукацыі г. Мінска.
У дакладах грунтоўна разгледжаны пытанні аб ролі канстытуцыйных каштоўнасцей у прававой асвеце грамадзян і ў развіцці інстытута медыяцыі, значнасці выкарыстання дзяржаўных інфармацыйна-прававых рэсурсаў аб медыяцыі і развіцці валанцёрства ў сферы медыяцыі і інш.
Дакладчыкі адказалі на шматлікія пытанні ўдзельнікаў дыялогавай пляцоўкі.
Падчас грунтоўнай дыскусіі адзначана, што канстытуцыйныя каштоўнасці ляжаць у аснове любой сацыяльна карыснай дзейнасці. Медыяцыя забяспечвае абарону вышэйзгаданых каштоўнасцей, паколькі з’яўляецца ўніверсальным юрыдычным механізмам несудовага вырашэння спрэчак паміж фізічнымі і юрыдычнымі асобамі. Увага ўдзельнікаў дыялогавай пляцоўкі засяроджана на тым, што ў развіцці грамадскіх адносін менавіта медыяцыя можа стаць асноўным інструментам урэгулявання неглыбокіх міжасобасных супярэчнасцяў, паколькі гэта матэрыяльна найменш затратны, а ў арганізацыйным плане найбольш просты і даступны спосаб вырашэння спрэчных сітуацый.
Падчас мерапрыемства С.П.Чыгрынаў таксама праінфармаваў удзельнікаў дыялогавай пляцоўкі аб дзейнасці Канстытуцыйнага Суда па абароне канстытуцыйных каштоўнасцей, аб асаблівасцях канстытуцыйнага правасуддзя ў Рэспубліцы Беларусь.


