Справа аб праверцы канстытуцыйнасці падпункта 14.3 пункта 14 артыкула 731 і падпункта 1.10 пункта 1 артыкула 213 (у рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь ад 31 снежня 2021 г. № 141-З), абзаца першага і падпункта 7.1 пункта 7 артыкула 214 (у рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 2022 г. № 230-З) Падатковага кодэкса разгледжана па канстытуцыйнай скарзе грамадзяніна Станько В.І.
На думку заяўніка, нормы Падатковага кодэкса, якія абскарджваюцца, не адпавядаюць Канстытуцыі ў той меры, у якой яны дапускаюць у выпадку правядзення камеральнай праверкі адпаведнасці расходаў даходам фізічнай асобы ўскладанне на яе абавязку па выплаце падаходнага падатку ад сумы перавышэння расходаў над даходамі па стаўках, устаноўленых не на дату фактычнага атрымання даходу, а на дату складання акта камеральнай праверкі.
Па выніках разгляду і вырашэння гэтай справы Канстытуцыйны Суд прызнаў названыя нормы Падатковага кодэкса ў іх узаемасувязі адпаведнымі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Канстытуцыйны Суд у прынятым рашэнні прыйшоў да наступных высноў.
Абскарджаныя нормы не распаўсюджваюць сваё дзеянне на мінулыя падатковыя або справаздачныя перыяды, а прымяняюцца з дня складання акта камеральнай праверкі, гэта значыць з моманту наступлення падзеі, якая адбылася ўжо пасля ўступлення ў сілу нормаў, што тычацца вызначэння механізму правядзення камеральнай праверкі, і якая спарадзіла новыя праваадносіны. Пры гэтым Падатковым кодэксам устаноўлены павышаныя падатковыя стаўкі пры выяўленні перавышэння расходаў над даходамі, каб забяспечыць на момант завяршэння камеральнай праверкі выкананне фізічнай асобай (плацельшчыкам падаткаў) раней парушанага падатковага абавязацельства з улікам выдаткаў, якія ўзніклі ў дзяржавы і грамадства.
Разгледжанае прававое рэгуляванне, якое вызначае парадак правядзення камеральнай праверкі адпаведнасці расходаў даходам фізічнай асобы, накіравана на папярэджанне злоўжыванняў з боку нядобрасумленных плацельшчыкаў падаткаў і на супрацьдзеянне незаконнаму ўтойванню даходаў. У гэтай сувязі абскарджаныя нормы Падатковага кодэкса не могуць разглядацца як ствараючыя прававую нявызначанасць і, адпаведна, не могуць быць прызнаныя парушаючымі канстытуцыйныя правы заяўніка.
Зыходзячы з канстытуцыйна-прававога сэнсу нормаў Падатковага кодэкса, якія абскарджваюцца, Канстытуцыйны Суд мяркуе, што ва ўзаемасувязі з пунктам 7 артыкула 3 Падатковага кодэкса і артыкулам 66 Закона «Аб нарматыўных прававых актах» абскарджаныя заяўнікам нормы адказваюць канстытуцыйным прынцыпам вяршэнства права, роўнасці ўсіх перад законам, справядлівасці, суразмернасці абмежавання правоў; канстытуцыйнаму патрабаванню законнага ўстанаўлення падаткаў; канстытуцыйнаму абавязку грамадзян Рэспублікі Беларусь выплачваць падаткі, пошліны і іншыя плацяжы; канстытуцыйнай гарантыі не быць прымушаным да выканання абавязкаў, якія не прадугледжаны Канстытуцыяй і законамі
Справа па канстытуцыйнай скарзе В.І.Станько разгледжана і вырашана з выкарыстаннем пісьмовай формы канстытуцыйнага судаводства з удзелам у судовым пасяджэнні паўнамоцных прадстаўнікоў дзяржаўных органаў у Канстытуцыйным Судзе.