У Канстытуцыйны Суд звярнуўся грамадзянін Каровін У.Я. з канстытуцыйнай скаргай аб праверцы канстытуцыйнасці часткі 2 артыкула 15.1 «Перамяшчэнне тавараў праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза па-за вызначанымі заканадаўствам месцамі або ў неўстаноўлены час» Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (далей – КаАП), прымененай пры прыцягненні заяўніка да адміністрацыйнай адказнасці.
На думку заяўніка, дэфекты прававога рэгулявання спрыялі няправільнай кваліфікацыі судамі агульнай юрысдыкцыі дзей заяўніка і накладанню празмернага па сваёй строгасці спагнання ў выглядзе канфіскацыі тавараў, што з’явілася прычынай парушэння яго права ўласнасці (артыкул 44 Канстытуцыі) і прынцыпу суразмернасці абмежаванняў пры забеспячэнні правоў і свабод (артыкулы 21 і 23 Канстытуцыі).
У прынятым вызначэнні Канстытуцыйны Суд прыйшоў да высновы, што, фармальна аспрэчваючы канстытуцыйнасць нормы часткі 2 артыкула 15.1 КаАП, заяўнік фактычна выказвае нязгоду з кваліфікацыяй судамі агульнай юрысдыкцыі яго дзеянняў, якія прывялі да наступлення адміністрацыйнай адказнасці.
Згодна з пунктам 2 артыкула 161 Закона «Аб канстытуцыйным судаводстве» пры праверцы канстытуцыйнасці закона, прымененага ў канкрэтнай справе, па канстытуцыйнай скарзе Канстытуцыйны Суд не ўваходзіць у абмеркаванне фактычных абставін канкрэтнай справы і не дае ацэнку судовай пастанове па сутнасці справы. Такім чынам, ацэнка правільнасці кваліфікацыі судамі агульнай юрысдыкцыі дзеяння, якое пацягнула накладанне адміністрацыйных спагнанняў на заяўніка, знаходзіцца па-за кампетэнцыяй Канстытуцыйнага Суда, як яна вызначана ў артыкуле 1161 Канстытуцыі і артыкуле 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў.
З улікам выкладзенага ва ўзбуджэнні вядзення справы на падставе абзаца другога часткі першай пункта 1 артыкула 33 Закона «Аб канстытуцыйным судаводстве» адмоўлена, паколькі вырашэнне пытанняў, пастаўленых у скарзе, непадведамна Канстытуцыйнаму Суду Рэспублікі Беларусь.