Навіны
3 чэрвеня 2026 г. адбылося адкрыццё ўнікальнага адукацыйнага і асветніцкага праекта Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь «Школа канстытуцыяналізму»

Праект «Школа канстытуцыяналізму» накіраваны на фарміраванне прававой культуры і канстытуцыйнай правасвядомасці моладзі, паважлівага стаўлення да Асноўнага Закона, выхаванне пачуцця патрыятызму і грамадзянскасці, адказнасці маладога пакалення за сучаснасць і будучыню краіны.

На занятках «Школы канстытуцыяналізму» прадстаўнікі навучэнскай і працоўнай моладзі атрымаюць шырокія веды аб грамадскім і дзяржаўным ладзе, фундаментальных прынцыпах і нормах Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, канстытуцыйных каштоўнасцях і важнейшых канстытуцыйных арыенцірах дзяржаўнай палітыкі.

Першы занятак Школы канстытуцыяналізму на тэму «Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь – прававая аснова законнасці і правапарадку» праведзены сумесна з Беларускім рэспубліканскім саюзам юрыстаў на базе Інстытута перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі суддзяў, работнікаў пракуратуры, судоў і ўстаноў юстыцыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Мадэратарам занятку выступіла суддзя Канстытуцыйнага Суда С.А.Любецкая.

З прывітальнымі выступленнямі да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуліся Старшыня Канстытуцыйнага Суда С.М.Сівец, старшыня Беларускага рэспубліканскага саюза юрыстаў, начальнік Сакратарыята Усебеларускага народнага сходу В.В.Міцкевіч, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Інстытута перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі суддзяў, работнікаў пракуратуры, судоў і ўстаноў юстыцыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Т.М.Пунько.

З дакладам аб Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь як прававой аснове нашага жыцця выступіў суддзя Канстытуцыйнага Суда С.П.Чыгрынаў.

Аб законнасці і правапарадку, якія выступаюць найважнейшымі фактарамі развіцця дзяржавы ў сучасных умовах, удзельнікам расказаў намеснік начальніка Магілёўскага інстытута Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь К.Д.Сазон.

Намеснік дэкана па навуковай рабоце юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта С.А.Калінін раскрыў пытанні канстытуцыйнай законнасці ў сістэме нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь у глабальным свеце.

Старшыня маладзёжнага савета пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь А.А.Рэцькова выступіла на тэму «Моладзь як актыўны ўдзельнік канстытуцыйнага будаўніцтва».

У сваім выступленні Старшыня Канстытуцыйнага Суда С.М.Сівец адзначыў ролю моладзі як самай таленавітай і крэатыўнай часткі грамадства. «Вашы інтэлектуальныя здольнасці, жыццёвая энергія і мэтанакіраванасць вызначаюць будучыню краіны, далейшае прагрэсіўнае развіццё і ўмацаванне дзяржавы, – падкрэсліў С.М.Сівец. – У нашай краіне гарантыі свабоднага і годнага развіцця асобы замацаваны на самым высокім узроўні – у Канстытуцыі. Канстытуцыйныя нормы, якія ўстанаўліваюць асновы канструктыўнага ўзаемадзеяння дзяржавы і моладзі, дазваляюць вам усебакова развівацца, годна адказваць на сучасныя выклікі, а дзяржаве – упэўнена глядзець у будучыню з апорай на моладзь, на вашы смелыя ініцыятывы і актыўную грамадзянскую пазіцыю».

С.М.Сівец выказаў упэўненасць, што Школа канстытуцыяналізму стане для ўдзельнікаў, разумных і таленавітых, творчых і актыўных, важнай прыступкай асобаснага і прафесійнага росту, дапаможа знайсці аднадумцаў, адкрые новыя гарызонты і натхніць на стваральныя ініцыятывы і праекты на карысць роднай Беларусі.

Першы занятак Школы канстытуцыяналізму аб’яднаў прадстаўнікоў моладзевых саветаў пры Савеце Рэспублікі і Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, Цэнтральнай выбарчай камісіі, Мінскім гарадскім савеце дэпутатаў, прадстаўнікоў моладзевага крыла Беларускага саюза жанчын, моладзевага актыву РГА «Белая Русь» і Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, а таксама студэнцкага актыву Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, навучэнцаў юрыдычнага каледжа БДУ і гімназіі № 16 г. Мінска.

Цягам актыўнай дыскусіі абмяркоўваліся перспектывы і напрамкі прававой рэгламентацыі выкарыстання тэхналогій штучнага інтэлекту, магчымасці рэалізацыі пятага пакалення правоў чалавека, супрацьстаянне выклікам і пагрозам, звязаным з імклівым развіццём інфармацыйных тэхналогій. Прадметам дыскусіі таксама сталі пытанні выканання канстытуцыйнага доўгу і абавязкаў – неад’емнай часткі Канстытуцыі як сацыяльнага кантракту паміж асобай, грамадствам і дзяржавай.