Навіны
Канстытуцыйны Суд адмовіў ва ўзбуджэнні вядзення справы па канстытуцыйнай скарзе грамадзяніна Кляцко Ю.В. аб канстытуцыйнасці асобных нормаў Падатковага кодэкса, звязаных з камеральнай праверкай адпаведнасці расходаў даходам фізічнай асобы, паколькі па пастаўленым у звароце пытанні раней прынята рашэнне Канстытуцыйнага Суда

Грамадзянін Кляцко Ю.В. звярнуўся ў Канстытуцыйны Суд з канстытуцыйнай скаргай аб праверцы канстытуцыйнасці падпункта 1.10 пункта 1 артыкула 213 «Дата фактычнага атрымання даходу» і падпункта 7.1 пункта 7 артыкула 214 «стаўкі падаходнага падатку з фізічных асоб» Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

На думку заяўніка, палажэнні Падатковага кодэкса, якія абскарджваюцца, супярэчаць артыкулам 7, 13, 44, 56, 58, 104 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у той меры, у якой яны дапускаюць у выпадку правядзення камеральнай праверкі адпаведнасці расходаў даходам ускладанне на фізічную асобу абавязку па выплаце падаходнага падатку ў дачыненні да даходаў, вылічаных падатковым органам зыходзячы з сум перавышэння расходаў над даходамі па стаўцы падаходнага падатку, якая дзейнічае на дзень складання акта камеральнай праверкі, а не на дату пачатку правядзення такой праверкі.

Канстытуцыйны Суд, даследаваўшы прадстаўленыя матэрыялы, не знаходзіць падстаў для ўзбуджэння вядзення справы.

Згодна з абзацам пятым часткі першай пункта 1 артыкула 33 Закона «Аб канстытуцыйным судаводстве» Канстытуцыйны Суд адмаўляе ва ўзбуджэнні вядзення справы ў выпадку, калі па пастаўленым у звароце пытанні Канстытуцыйным Судом раней прыняты заключэнне, рашэнне і за наступны час нормы Канстытуцыі ці іншых актаў заканадаўства, на падставе якіх былі прыняты заключэнне, рашэнне Канстытуцыйнага Суда, не былі зменены або дзеянне іх не было спынена.

Рашэннем ад 26 мая 2026 г. № Р-1311/2026 «Аб канстытуцыйнасці падпункта 14.3 пункта 14 артыкула 731, падпункта 1.10 пункта 1 артыкула 213, абзаца першага і падпункта 7.1 пункта 7 артыкула 214 Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь па скарзе грамадзяніна Станько Віктара Іванавіча» Канстытуцыйны Суд прызнаў названыя нормы Падатковага кодэкса адпаведнымі Канстытуцыі.

Канстытуцыйны Суд адзначыў, што гэтыя нормы не распаўсюджваюць сваё дзеянне на мінулыя падатковыя або справаздачныя перыяды, а прымяняюцца з дня складання акта камеральнай праверкі адпаведнасці расходаў даходам фізічнай асобы, гэта значыць з моманту наступлення падзеі, якая адбылася ўжо пасля ўступлення ў сілу норм, што вызначаюць механізм правядзення камеральнай праверкі, і якая спарадзіла новыя праваадносіны.

Канстытуцыйны Суд лічыць, што прававое рэгуляванне, якое вызначае парадак правядзення камеральнай праверкі адпаведнасці расходаў даходам фізічнай асобы, накіравана на папярэджанне злоўжыванняў з боку нядобрасумленных плацельшчыкаў падаткаў і на процідзеянне незаконнаму ўтойванню даходаў. У названым рашэнні Канстытуцыйны Суд прыйшоў да высновы, што нормы Падатковага кодэкса, якія абскарджваюцца, не могуць разглядацца як ствараючыя прававую нявызначанасць і, адпаведна, не могуць быць прызнаныя парушаючымі канстытуцыйныя правы заяўніка.

На падставе выкладзенага ва ўзбуджэнні вядзення справы па канстытуцыйнай скарзе адмоўлена, паколькі па пастаўленым у звароце пытанні Канстытуцыйным Судом Рэспублікі Беларусь прынята рашэнне ад 26 мая 2026 г. № Р-1311/2026 і за наступны час нормы Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і іншых актаў заканадаўства, на падставе якіх было прынята названае рашэнне, не былі зменены і дзеянне іх не было спынена.