Падставай да разгляду справы з’явілася хадайніцтва паўнамоцнага прадстаўніка Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйным Судзе – першага намесніка Міністра юстыцыі Філіпавай Н.М. (далей – паўнамоцны прадстаўнік) аб афіцыйным тлумачэнні рашэння Канстытуцыйнага Суда ад 26 чэрвеня 2025 г. № Р-1309/2025 «Аб канстытуцыйнасці артыкула 12 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх» па скарзе грамадзянкі Емельяновіч Валянціны Мікалаеўны» (далей – рашэнне ад 26 чэрвеня 2025 г.).
Паўнамоцным прадстаўніком пазначана, што рашэннем ад 26 чэрвеня 2025 г. Савету Міністраў загадана не пазней за тры месяцы пасля вынясення рашэння ўнесці ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь праект закона аб унясенні адпаведных змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь ад 31 мая 2003 г. № 200-З «Аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх» (далей – Закон № 200-З).
Адзначана, што падчас падрыхтоўкі праекта закона аб унясенні змяненняў у Закон № 200-З былі выяўлены няяснасці ў разуменні рашэння Канстытуцыйнага Суда ў частцы вызначэння аптымальнага падыходу да рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзян на судовую абарону, гарантаванага артыкуламі 7, 21 і 60 Канстытуцыі, які ў поўнай меры адпавядае канстытуцыйнаму прынцыпу вяршэнства права.
На думку паўнамоцнага прадстаўніка, з улікам прыярытэтнага значэння ўстанаўлення эфектыўных механізмаў забеспячэння правоў і свабод рэалізацыя замацаванага ў артыкуле 60 Канстытуцыі права кожнага на абарону яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і бесстароннім судом у парадку і тэрміны, вызначаныя законам, магчымая на ўзроўні любога закона, у тым ліку Закона № 200-З, Кодэкса грамадзянскага судаводства Рэспублікі Беларусь (далей – КГС), Закона Рэспублікі Беларусь «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь» і інш.
З 1 студзеня 2026 г. уступілі ў сілу навелы заканадаўства аб грамадзянскім судаводстве, якія змянілі парадак падачы заявы аб абскарджанні дзеянняў (бяздзейнасці) дзяржаўнага органа, службовай асобы, надзеленых дзяржаўнымі і іншымі публічнымі паўнамоцтвамі, і дазволілі адназначна разумець і прымяняць прававыя прадпісанні ў частцы магчымасці падачы такой заявы.
Канстытуцыйным Судом у прынятым рашэнні адзначана, што па выніках разгляду справы «Аб канстытуцыйнасці артыкула 12 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх» па скарзе грамадзянкі Емельяновіч Валянціны Мікалаеўны» Канстытуцыйны Суд прыйшоў да высновы аб парушэнні канстытуцыйнага права заяўніцы на судовую абарону (артыкул 60 Канстытуцыі).
Прызнаючы палажэнні артыкула 12 Закона № 200-З не адпаведнымі артыкулам 7, 21, 60 Канстытуцыі ў той меры, у якой у парушэнне прынцыпу вяршэнства права гэтыя палажэнні не забяспечваюць рэалізацыю грамадзянамі канстытуцыйнага права на судовую абарону, Канстытуцыйны Суд зыходзіў з таго, што заканадаўца, надзяляючы камісіі па справах непаўналетніх паўнамоцтвам прымяняць меры ўздзеяння ў дачыненні да непаўналетніх, іх бацькоў і іншых асоб, павінен быў прадугледзець у Законе № 200-З такое прававое рэгуляванне, якое ў выпадку парушэння правоў і свабод названых асоб забяспечвала б магчымасць іх абароны ў судовым парадку, уключаючы абскарджанне пастаноў камісій па справах непаўналетніх у суд.
Адзначаная выснова Канстытуцыйнага Суда была заснавана ў тым ліку на выяўленым канстытуцыйна-прававым змесце норм заканадаўства, якія рэгламентавалі на момант разгляду канстытуцыйнай скаргі В.М.Емельяновіч асаблівасці разгляду і вырашэння скаргаў на рашэнні, дзеянні (бяздзейнасць) дзяржаўных органаў і іншых юрыдычных асоб, а таксама арганізацый, якія не з’яўляюцца юрыдычнымі асобамі, і службовых асоб, якія ўшчамляюць правы грамадзян (параграф 6 главы 29 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь).
У сувязі з уступленнем у сілу КГС з 1 студзеня 2026 г. Грамадзянскі працэсуальны кодэкс прызнаны страціўшым сілу.
Згодна з артыкулам 351 КГС суды разглядаюць справы, якія ўзнікаюць з адміністрацыйных і іншых публічных праваадносін, аб абскарджанні (прызнанні несапраўднымі) ненарматыўных прававых актаў дзяржаўных органаў, іншых органаў (камісій), арганізацый, службовых асоб, надзеленых дзяржаўнымі ці іншымі публічнымі паўнамоцтвамі, якія не адпавядаюць заканадаўству і парушаюць правы, свабоды і законныя інтарэсы грамадзяніна, правы і законныя інтарэсы юрыдычнай асобы, у тым ліку аб абскарджанні ненарматыўных прававых актаў, пералічаных у частцы 1 дадзенага артыкула. Пры гэтым часткай 5 артыкула 351 КГС устаноўлена, што суды разглядаюць іншыя справы, якія ўзнікаюць з адміністрацыйных і іншых публічных праваадносін, у выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі актамі.
З улікам выкладзенага, Канстытуцыйны Суд вырашыў:
пункт 2 рэзалютыўнай часткі рашэння Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2025 г. № Р-1309/2025 «Аб канстытуцыйнасці артыкула 12 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх» па скарзе грамадзянкі Емельяновіч Валянціны Мікалаеўны азначае неабходнасць распрацоўкі ўпаўнаважаным дзяржаўным органам і заканадаўчага замацавання такога механізму прававога рэгулявання рэалізацыі канстытуцыйнага права кожнага на судовую абарону ў выпадку абскарджання пастаноў камісій па справах непаўналетніх, які забяспечыць безумоўны і бесперашкодны доступ грамадзян да правасуддзя, у тым ліку з улікам правапрымяняльнай практыкі;
дадзенае рашэнне з моманту ўступлення яго ў законную сілу дзейнічае ў адзінстве з рашэннем Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2025 г. № Р-1309/2025, у дачыненні да якога ажыццёўлена афіцыйнае тлумачэнне.