З прадстаўленых матэрыялаў вынікае, што вызначэннем суда агульнай юрысдыкцыі іскавая заява А.А.Вайцяховіча да таварыства з абмежаванай адказнасцю аб прымушэнні да змянення дагавора стварэння аб’екта долевага будаўніцтва пакінута без разгляду. Суд вызначыў, што заяўнікам не быў выкананы парадак папярэдняга дасудовага вырашэння справы, устаноўлены пунктам 2 артыкула 422 Грамадзянскага кодэкса для гэтай катэгорыі спраў.
На думку заяўніка, названыя палажэнні Грамадзянскага кодэкса ўскладаюць дадатковы абавязак па выкананні дасудовага парадку змянення дагавора, не прадугледжваюць магчымасць устанаўлення іншага парадку змянення дагавора і не ўлічваюць прававое рэгуляванне дагавораў стварэння аб’ектаў долевага будаўніцтва. У сувязі з гэтым, на яго думку, гэтыя палажэнні Грамадзянскага кодэкса не адпавядаюць замацаванаму ў артыкуле 7 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь прынцыпу вяршэнства права і парушаюць канстытуцыйнае права заяўніка на жыллё (артыкул 48 Канстытуцыі).
Вывучыўшы прадстаўленыя матэрыялы, Канстытуцыйны Суд адзначыў, што прынцып свабоды дагавора ў грамадзянскім праве прадугледжвае неабходнасць узгаднення волі бакоў як пры заключэнні, так і пры змяненні і скасаванні дагавора. Заканадавец вызначае парадак змянення грамадзянска-прававога дагавора на аснове канстытуцыйных прынцыпаў роўнасці і вяршэнства права ў мэтах забеспячэння належнага балансу правоў і законных інтарэсаў бакоў.
Канстытуцыйны Суд прыйшоў да высновы, што ўстаноўлены пунктам 2 артыкула 422 Грамадзянскага кодэкса дасудовы парадак вырашэння спрэчак з’яўляецца адным са сродкаў урэгулявання праваадносін бакоў у дагаворным абавязацельстве. Гэты парадак накіраваны на аператыўнае вырашэнне ўзнікшай спрэчкі непасрэдна бакамі, не пазбаўляе грамадзян магчымасці судовай абароны і не можа разглядацца як парушаючы канстытуцыйныя правы і свабоды заяўніка.
Па выніках разгляду скаргі Канстытуцыйны Суд адмовіў ва ўзбуджэнні вядзення справы ў сувязі з адсутнасцю прыкмет парушэння канстытуцыйных правоў заяўніка. Канстытуцыйная скарга не адпавядае ўмове дапушчальнасці, вызначанай падпунктам 1.1 пункта 1 артыкула 153 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб канстытуцыйным судаводстве».